Ансамбль “Вытокі”: Мы – як народ



Яшчэ гадоў трыццаць таму словазлучэнне “старадаўняя беларуская музыка” асацыявалася ці не ў большасці выключна з фальклорам. І толькі некаторыя музыказнаўцы ведалі пра Мацея Радзівіла, Яна Голанда, Фларыяна Міладоўскага ды іншых беларускіх кампазітараў.

Ансамль “Вытокі”, створаны пятнаццаць гадоў таму, акурат і займаецца пошукам і выкананнем той беларускай музычная спадчыны, якая да нядаўняга часу была незнаёмай нашым слухачам.

Як быў адкрыты знакаміты “Полацкі сшытак”? Якія адкрыцці яшчэ можна зрабіць у гістарычных архівах? Ці варта выконваць старадаўнюю музыку так, як рабілі гэта дзвесце ці трыста гадоў таму?

AE3CB74FEC7B80FFA125B0DCF7C6408C4F349717C11BA237B0pimgpsh_fullsize_distr

Наш карэспандэнт Марцін Война гутарыў з Аляксеем Фраловым, музыкам “Вытокаў”.

РР: Яшчэ да нядаўняга часу сцвярджалася, што ў Беларусі да 1917 года не было сваёй прафесійнай музыкі, і толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі і “старэйшаму рускаму брату” яна ў нас з’явілася…

Аляксей Фралоў: Мы сапраўды ў значнай ступені страцілі нашу музычную спадчыну. Мы – як народ. Хтосці проста з прычыны свядомага адыхода ад свайго, на пераключэнне ў бок суседскага, бо “сваё” лічылася другога гатунку. Музычная спадчына – не толькі фальклор і сялянская культура…

РР: То бок – “я мужык, беларус, пан сахі і касы”…

Аляксей Фралоў: У беларускай культуры былі і нашыя арыстакраты, выдатныя музыкі і кампазітары. Той жа Мацей Радзіваіл, якога называлі “нясвіжскі Моцарт”. Настолькі таленавіта ён пісаў, велізарны талент! Фларыян Міладоўскі… Імёнаў процьма!

РР: Раскажыце пра гісторыю стварэння “Вытокаў”…

Аляксей Фралоў: Ансамбль салістаў “Вытокі” створаны пятнаццаць гадоў таму. Я тады сабраў сваіх калег, сяброў… Спачатку склад быў такі: флейта, фагот, фартэпіяна. Фагот – мой, флейта – Сяргей Махаў, выдатны музыка, і Ірына Аўдзеева, наша цудоўная піяністка. Мы спярша нават думалі назвацца “Тры Ф”, то бок “флейта, фагот, фартэпіяна”. Але, падумаўшы, прыйшлі да высновы, што гэта надта авангардная назва. І, маючы схільнасць і ўнутраную задачу аднаўляць, адраджаць беларускую музычную мінуўшчыну, прыйшла назва – “Вытокі”. У нас была адразу мэта: папулярызаваць беларускую музыку ў Беларусі і па ўсім свеце. І назва гэтая, як толькі ўзнікла ў кагосці ў галаве, яна адразу была падтрыманая іншымі галовамі і душамі.

57FAF5447E312C8F0354E8936FC7DFC8A2E9E2BB3C2991E054pimgpsh_fullsize_distr

РР: Але ж ноты беларускіх кампазітараў 18-19 стст. – дэфіцыт! У Варшаве ці ў Вільні іх знайсці куды прасцей, чым у менскіх архівах!

Аляксей Фралоў: “Першыя ластаўкі” прыляцелі ў Беларусь яшчэ ў канцы сямідзесятых. Адам Восіпавіч Мальдзіс, прафесар, доктар навук, знакаміты беларускі энцыклапедыст, выпадкова знайшоў у кракаўскай “ягелонцы” знакаміты нотны рукапіс, які потым сталі называць “Полацкі сшытак”. Ён прывез рукапіс у Беларусь, і Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч падказаў яму перадаць ноты ансамблю “Cantabile”. Адзін са стваральнікаў ансамбля – мой бацька, а таксама, вядома ж, Генрых Гедыльтэр… І вось аднойчы прыходзяць да іх, ні многа ні мала, Мальдзіс і Караткевіч, і кажуць: “Вось вам, калі ласка, ноты!” Далей варта было проста чакаць. Потым падключыліся наступныя пакаленні музыказнаўцаў. Так што цяпер мы толькі шукаем новыя шкельцы ў гэты вялікі-вялікі вітраж беларускай музычная спадычны. Мы карыстаемся і ўжо апублікаванымі нотамі, і шукаем іх самі ў архівах. У Вільні мы знайшлі каля дваццаці невядомых сімфоній беларускіх кампазітараў…

РР: А якіх аўтараў?

Аляксей Фралоў: Самых розных! Прозвішчы, якія нікому нічога цяпер не гавораць. Эпоха –  моцартаўская. І позні класіцызм, і ранні рамантызм, і стылістыка “галант”. Ляжала мёртвым грузам. Кампазітары – нейкія Маркевічы, Радкевічы, Чупрынскія, то бок на сто адсоткаў беларускія прозвішчы. Не патрэбныя яны былі і нашым братам з Летувы, дый палякі іх не ведалі.

РР: А у вас няма такой сквапнасці: маўляў, калі я гэта знайшоў у архіве, то выконваць будуць толькі “Вытокі”?

Аляксей Фралоў: Вядома ж, не! Мы акурат дзяліліся гэтымі матэрыяламі. Важна, каб канкрэтныя творы траплялі да найлепшых нашых музыкаў. Гэта наша канцэпцыя. Інакш нотная знаходка можа быць проста збэшчаная!

239DFD71BEDCF12E9347EB37A40B64F8ACF5861CE839AB0A16pimgpsh_fullsize_distr

РР: Ёсць два асноўных падыходы да выканання старажытнай музыкі: “стылізацыя” ці “мадэрнізацыя”. То бок, выконваць музычны твор так, як яго ў нашым уяўленні выконвалі за часамі яго напісання, і больш вольная трактоўка. Што вам бліжэй?

Аляксей Фралоў: Можна назваць і чацьвёртую, і пятую канцэпцыю… Ёсць канцэпцыя абсалютна аўтэнтычнага выканання, прытым – выканання на копіях музычных інструментаў тае эпохі. Ці на сучасных інструментах, але цалкам адпаведна інтанацыям тае эпохі. Асабіста я прыхільнік больш аўтэнтычнага выканання, але без фанатызму.

РР: Але ж, калі рабіць выкананне, набліжанае да 18 стагоддзя, трэба рабіць і копіі інструментаў тых часоў!

Аляксей Фралоў: Я быў на выставе ў Франфуркце-на-Майне, прыглядаўся да “барочнага” фагота. Усё гэта каштуе шалёныя тысячы еўра. І мець такія інструменты для цэлага калектыва ў нашых умовах – блізка ўтопіі.

54ADC23BCFADB24B51A61D75F4D2BC330169C5AE49891BEDABpimgpsh_fullsize_distr

РР: Вы – адзін з нямногіх выкладчыкаў Беларускай Акадэміі Музыкі, якія прынцыпова выкладаюць беларускай. Ніякіх пытанняў у тых жа студэнтаў не ўзнікала?

Аляксей Фралоў: У прынцыпе – не. Зрэдку бывалі дробныя непаразуменні, але гэта, хутчэй, на маргінэзе. Студэнт – народ адэкватны, вясёлы, кемлівы, і ён, што не трэба, не пытаецца. А што трэба – запытаецца!

Музыкі “Вытокаў” неаднаразова выступалі ў самых прэстыжных залах Беларусі і замежжа: у Нямеччыне,  Гішпаніі, Італіі, Кітаі, Ліване, Нідэрландах, Люксембургу, Польшчы, Францыі, Кітаі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Расеі і гэтак далей.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя