Аншлаг на беларускамоўным міні-мюзікле ў Гомелі
У Гомелі з аншлагам прайшоў паказ беларускамоўнага спектакля пра Фіндуса і Пэтсана “Паляванне на ліса”. Апошні раз беларускамоўны спектакль у горадзе праходзіў у красавіку. Музычную версію “Палявання на ліса” прадставілі дуэт “Мяў-мяў” Андруся Такінданга і Валерыі Валадзько.
Наведнікі музычнай пастаноўкі пра Фіндуса і Пэтсана заўважаюць, што ў горадзе бракуе беларускамоўных мерапрыемстваў.
– Многа такіх мерапрыемстваў не бывае. Але мы цэнім, што хаця б некалькі разоў на год яны прыходзяць.
– Не хапае такіх беларускамоўных мерапрыемстваў, бо нашая дзяржава, на жаль, не забяспечвае роўнасць моў.
– А дзе іх хапае? У Гомелі – не. А тым болей, у Рэчыцы, адкуль мы сёння сюды прыехалі.
Беларускамоўны спектакль пра прыгоды Пэтсана і Фіндуса шведскага аўтара Свэна Нурдквіста паказалі Гомелі ўпершыню. Музычная пастаноўка ў выкананні дуэта “Мяў-мяў” Андруся Такінданга і Валерыі Валадзько адбылася ў філіяле Веткаўскага музея пры падтрымцы пасольства Швецыі ў Беларусі.
Распачала мерапрыемства пасол Швецыі Крысціна Ёханэсан, якая звярнулася да прысутных па-беларуску:
– Прывітанне, дарагія сябры. Вельмі радыя бачыць вас на нашай імпрэзе.
Музыка Андрусь Такінданг адмыслова стварыў міні-мюзікл паводле прыгодаў Пэтсана і Фіндуса. Дзеці з радасцю падпявалі Андрусю і Валерыі “Куры квохчуць ко-ко, мяў-мяў-мяў вуркоча кот”, “лопнем шар, бабах-бабах, хітры ліс адчуе страх”, “калі ласка, на здароўе, шакаладу не шкада, лісянё яшчэ малое аблізала шакалад” і іншыя песні.
– Пэтсана і Фіндуса мы вельмі любім, бо сучасная шведская літаратуры – гэта супер. – Дзеліцца сваімі ўражанямі мама двух дзяцей. – Паколькі сын вельмі любіць гэтых герояў, то мы адмыслова на гэты спектакль прыехалі з Рэчыцы з маёй шасцімесячнай дачкой і пяцігадовым сынам.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель