Антаніна Хатэнка стала першым лаўрэатам прэміі імя Анатоля Іверса



Лаўрэатам першай прэміі імя Анатоля Іверса абвешчана літаратарка Антаніна Хатэнка.

Прэмію заснавалі сябры гарадзенскай абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Уручацца яна мае штогод літаратарам, якія зрабілі, на думку журы, значны ўклад у нацыянальную літаратуру.

Кажа старшыня абласной філіі СБП Валянцін Дубатоўка, сябра журы прэміі Анатоля Іверса:

– Мы вырашылі, каб абранне было менавіта ў гэтым годзе, вызначаць лаўрэата напрыканцы года, каб чалавек ужо ведаў, што за гэты год ён атрымае прэмію. А ўручаць тады, калі ў нас будзе прэзентацыя нашага альманаху “Новы замак”. Гэта адбываецца напачатку года. Збяруцца ўсе нашыя пісьменнікі аддзялення, і тады будзе ўручацца прэмія. Тады мы запросім Антаніну з Менску прыехаць, і мы будзем рады ўручыць ёй прэмію. Невялікія грошы там, дыплом лаўрэацкі.

Прэмія носіць імя Анатоля Іверса – слонімскага паэта, журналіста, франтавіка, беларускага патрыёта, які памёр у 1999 годзе.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя