Антон Астаповіч пра сыход Ірыны Дрыгі: Ніякай канспіралогіі
У сеціве бурна абмяркоўваецца сыход Ірыны Дрыгі з пасады першага намесніка міністра культуры.
Ірына Дрыга. Фота: БЕЛТА
Інтэрнаўты звязваюць гэта з гісторыяй змянення ахоўнай зоны ў Курапатах, пасля чаго там з’явіўся рэстаран “Паедзем паядзім”, а таксама са скандалам на сёлетнім фестывалі “Лістапад”.
Антон Астаповіч падчас лекцыі. Фота А. Шаранкевіча
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч не верыць у канспіралогію і лічыць, што сыход чыноўніцы ніяк не звязаны са згаданымі падзеямі, а абумоўлены чарговымі кадравымі перастаноўкамі. Паводле Астаповіча, такія рашэнні не прымаюцца ў адзін дзень:
“Хацелася б давесці элементарную інфармацыю наконт таго, што Ірына Дрыга пакінула пасаду, а на яе месца прызначылі Наталлю Карчэўскую. Проста так, з бухты-барахты, намеснікаў міністра новых не прызначаюць, ідзе вельмі доўгі працэс узгаднення кандыдатуры ў самых розных інстанцыях. І значыць, гэтая кадравая сітуацыя планавалася даўно, як мінімум пару месяцаў.
Напрыклад, пра сыход з працы намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко было вядома вельмі даўно. Ужо добры месяц вядома, хто пераемнік, але ён яшчэ і не прыступіў да працы, бо да гэтага часу знаходзіцца ў працэсе ўзгаднення. Пра звальненне з пасады Ірыны Дрыгі ўвогуле не было размоваў, так што тут, хутчэй за ўсё, уласнае яе жаданне і звязанае з сямейнымі абставінамі, якія ў яе даволі сур’ёзныя і якія пані Ірына нікому і ніколі не агучвае.
А ў каментах на навінавых сайтах і ў сацсетках якія толькі канспіралагічныя версіі не прачытаеш: і з ахоўнымі зонамі Курапат гэта звязваюць, хаця Дрыга проста падпісала пастанову Мінкульта пра зацверджанне ахоўных зон, якая рыхтавалася і ўзгаднялася фактычна цэлы год, і падпісала, бо на той момант выконвала абавязкі міністра. І з “Лістападам” сёлетнім звязваюць, дзе яна сапраўды дала касяка, але відавочна, што не ў гэтым справа.
За Ірынай Дрыгай, за час яе працы на гэтай пасадзе, не адбылося нічога такога, чаго б не адбывалася за іншымі першымі намеснікамі, за тым жа беларускамоўным і да гэтага часу шмат кім любімым міністрам Латушкам. Такія ж працэсы будуць адбывацца і за Наталляй Карчэўскай. Бо ў нас, у Беларусі, не чалавек упрыгожвае месца, а месца чалавека. Не дзяржслужбовец вызначае палітыку ўстановы, а дзяржслужба вызначае працу дзяржслужбоўца”.
Наталля Карчэўская. Фота: minsknews.by
Нагадаем, што Наталля Карчэўская, якая змяніла Ірыну Дрыгу на пасадзе першага намесніка міністра культуры, да гэтага працавала першым прарэктарам Універсітэта культуры.