Антыбальшавіцкая партызанка, або авантура палкоўніка Эрдмана



Пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы (1921) расейскія эмігранты працягвалі прыкладаць намаганні па арганізацыі антыбальшавіцкай партызанкі. Нягледзячы на афіцыйную забарону польскіх уладаў, пад выглядам „рабочых аддзелаў” з „зялёных”, былых палонных ды дэзерціраў фармаваліся атрады, якія праводзілі дыверсійныя акцыі. Такія атрады ствараліся, у тым ліку, пад кіраўніцтвам палкоўніка Адама Эрдмана на Глыбоччыне. У верасні 1921 года ў Глыбокае для азнаямлення з абстаноўкай прыбывае эмісар так званага „Палітычнага Камітэту”, які ўваходзіць у склад атраду ды ўдзельнічае ў адной з выправаў на савецкую тэрыторыю. Пасля вяртання ў Варшаву пасланнік піша падрабязны даклад у якім апісвае: склад, матэрыяльнае забеспячэнне і ўзбраенне атраду. Шмат увагі прысвячаецца асобе самога палкоўніка Эрдмана. Таксама апісваюцца дзеянні ды няўдалы напад атраду на мястэчка Валосавічы, што пад Лепелем.

Фота палкоўніка Адама Эрдмана з архіўнай справы.

Адам Эрдман (Бірзэ) – латыш, арганізатар белага антыбальшавіцкага падполля, стваральнік арганізацыі Барыса Савінкава „Народны саюз абароны Радзімы і свабоды”, жыў у Парыжы. 

Дакументы ўдалося адшукаць у Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертове (Польшча).

ДАКЛАД

7 верасня 1921 г. я прыбыў у мястэчка Глыбокае і з’явіўся да палкоўніка ЭРДМАНА для азнаямлення з абстаноўкай. У час размовы на зададзеныя мной пытанні: на якія сродкі фармуюцца і адпраўляюцца атрады, і ці ёсць на мяжы нашы людзі, палкоўнік Эрдман адказаў:

1/ Што ён атрымаў ад свайго брата шэсцьсот тысяч марак і на гэтыя грошы ўсё робіць, а ад Палітычнага Камітэту ён нічога не атрымлівае.

2/ Што на мяжы людзей вельмі шмат, што расейскі чалавек гэта такая двухногая жывёла, якую ён вельмі лёгка можа дрэсураваць і кіраваць як агонь воскам.

Гледзячы на яго працу напрацягу месячнага свайго прыбывання ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах, я прыйшоў да высновы, што ніводны самы заўзяты бальшавіцкі агітатар не мог нанесці справе такой шкоды і дэзарганізацыі, як палкоўнік Эрдман.

Паводле сабраных мной сведчанняў аказалася, што ў чэрвені месяцы да палкоўніка Эрдмана прыязджаў генерал ПЕРАМЫКІН, пра што, як бачна камітэту не было вядома, акрамя прыбываючых з ведама Палітычнага Камітэту людзей. Для папаўнення атрадаў палкоўнік Эрдман прымаў розны зброд зусім не цікавячыся адкуль, хто і па чыёй рэкамендацыі прыбываў. Прымаліся дэзерціры з польскага войска, якія ішлі ў атрады з мэтай нажывы. Невядома адкуль з’явіўся ротмістр ШАУНІЯНС, які ўвесь час стараўся ўнесці разлад паміж партызанамі на грунце недахопу сродкаў у Палітычным Камітэце. Нават не спыняючыся на гэтым ротмістр ШАУНІЯНС падгаварыў падманам каля 17 чалавек партызан і з 14 на 15 верасня невядома куды скрыўся. Я чуў пра мяркуемыя ўцёкі і напярэдадні даклаў палкоўніку Эрдману, але ён не толькі не прыняў ніякіх мераў, але і не звярнуў увагі.

На адказныя пасады прызначаліся асобы зусім не адпавядаючыя свайму прызначэнню. Напрыклад, паручнік ЕРАМЕЕЎ вядомы многім, як сапраўдны бандыт, кіраваў усёй гаспадаркай, да прыкладу пакупкай харчавання, раздачай пайкоў ды іншага. Партызаны былі вельмі гэтым незадаволеныя, што адбілася на фронце. Я неаднаразова адзначаў пра немагчымасць прыбывання ў арганізацыі пар. Ерамеева, але палкоўнік Эрдман заявіў, што пар. Ерамееў незвычайнай адвагі чалавек і для яго вельмі патрэбны.

Зялёныя, якія ў вялікай колькасць хаваюцца ў нейтральнай паласе, а таксама на тэрыторыі Польшчы, увесь час намагаліся наладзіць сувязь з палкоўнікам Эрдманам, але нічога з іх намаганняў не выйшла. Усе размовы зводзіліся палкоўнікам да самаўсхвалення папулярызуючы сябе, як чалавека дзяржаўнага маштабу.

Такім чынам атачыўшы сябе падобнымі людзьмі палкоўнік Эрдман безумоўна адштурхоўваў увесь здаровы і каштоўны для справы элемент, якому даводзілася бегчы і ўладкоўвацца на прыватныя работы, бо вярнуцца назад у лагеры было немагчыма. Бачучы гэтыя ўцёкі ён ужываў розныя сродкі, каб паставіць усіх у залежнасць ад сябе: пагражаў судзіць вайсковым судом, выслаць у бальшавіцкі лагер у Баранавічы, абяцаў лёгкую нажыву. Напрыклад, капітану Смародзіну і прыбыўшым з ім у Глыбокае людзям, ён прапанаваў ісці ў Смаленскую губерню, толькі не з палкоўнікам Васільевым, а ад яго – Эрдмана. Па прычыне таго, што палкоўнік Васільеў маленькі чалавек і вам даць нічога не можа, а я дам кожнаму з вас па маёнтку, па два чыны і па два ордэны. Там у Расеі ў вас канешне будуць мільёны. Дык вы іх, каб не згубіць і не патраціць упустую дасылайце мне, я іх пакладу ў банк, а калі вернецеся, то будуць вашы.

Усе мае намаганні па выдаленні шкоднага элементу і захаванні здаровага аказаліся марнымі. Дзякуючы перашкодам з боку Эрдмана, якія даходзілі да самага гнуснага падману і правакацыі ўключна.

Усе атрады маглі б папаўняцца зялёнымі, якія знаходзіліся побач з мяжой, і капітан БЕЛАН усімі сіламі намагаўся аб’яднаць іх з атрадамі. Але справа была так дэзарганізавана палкоўнікам Эрдманам, што ўсе намаганні капітана Белана аказаліся марнымі. Зразумела было, што людзі прадстаўленыя самі сабе без усякай дысцыпліны не маглі ўяўляць сабой згуртаванай масы і такім чынам да моманту перахода мяжы было сабрана толькі 32 чал. партызан у тым ліку палова нягоднага элементу і 15 чал. зялёных.

Абапіраючыся на злачынны элемент палкоўнік Эрдман вырашыў пакінуць атрад і ўсю ўвагу надаваў атраду ПАПОВА. Знаходзячыся за мяжой з атрадам увесь час хацеў адшукаць атрад Папова, але так і не знайшоў.

Атрад ПАПОВА колькасцю 20-25 чал. Не прайшоўшы 30 вёрст ад мяжы пачаў рабаваць заможных хутаран, якія дагэтуль вельмі дапамагалі нашай справе.

Акрамя гэтага атрад ПАПОВА правёўшы перад адпраўкай два тыдні ў памежнай паласе азлобіў і абвастрыў адносіны з мясцовымі жыхарамі і ўладамі п’янствуючы і скандалячы. У сувязі з гэтым польскімі ўладамі былі праведзены арышты і ўведзены абмежаванні.

Пасля пераходу мяжы палкоўнік Эрдман перадаў камандаванне атрадам капітану БЯЛОВУ, а сам у гэты час умешваўся ў распараджэнні, чым збіваў з панталыку і перашкаджаў камандаваць капітану БЕЛАНУ. Палкоўнік Эрдман трымаў атрад зусім без ежы ў балоце пяць дзён па невядомых прычынах. Паляпшэнняў наперадзе ніякіх не чакалася і атрад губляў баяздольнасць. Афіцэры, у тым ліку і капітан БЕЛАН, сталі патрабаваць прыняць бой з чырвонымі для атрымання вопраткі і ўзбраення, бо атрад быў узброены абломкамі старых бярданак, без мушак, без прыкладаў, ды і тое толькі палова людзей.

Палкоўнік Эрдман распрацаваў план налёту на м. ВАЛОСАВІЧЫ і ў ноч на 23 верасня вырашыў выступіць.

Вось план гэтага налёту, які даволі добра характарызуе палкоўніка Эрдмана.

Дакладная выведка здзейсненая зялёнымі і мірнымі жыхарамі м. Валосавічы дала дадзеныя: у м. Валосавічы знаходзіцца атрад чырвонаарм. Асаблівага Аддзелу па барацьбе з бандытызмам у колькасці 100 чалавек з двума кулямётамі размешчанымі ў будынку валаснога кіравання. Камісары і палітычныя кіраўнікі жывуць па адным на прыватных кватэрах (адрасы іх вядомыя праваднікам з зялёных і праваднікі былі выдатныя). Па вуліцах увесь час ходзіць патруль.

Для выканання плану было загадана падысці з боку лесу праз агароды, атачыць і запатрабаваць здачы зброі. У выпадку супраціву кінуць у дом праз вакно бомбы. Галоўныя ўмовы: ніводнага марнага стрэлу з нашага боку быць не павінна. Аддзел павёў сам палкоўнік Эрдман. Калі задача была размеркавана і кожнаму дадзена сваё заданне, падчас уваходу ў воласць палкоўнік нечакана перадае камандванне капітану БЕЛАНУ, а сам уваходзіць у шэрагі байцоў.

Не паспеў атрад падысці да мэты, як палкоўнік Эрдман ударыў рукой па раме парэзаўшы сабе шклом руку, робіць стрэл з браўнінгу ў разбітае вакно. У адказ на гэта з пакою паследаваў залп падчас якога палкоўнік закрычаў: „Назад, назад”. Партызаны, бачучы, што камандзір бяжыць як шалёны, паследвалі за ім чалавек 30.

Пасля гэтай няўдачы палкоўнік Эрдман патрабаваў працягнуць рух атраду ўглыб, дзе мы павінны дагнаць атрад ПАПОВА. Капітан БЕЛАН бачучы дрэнны настрой атраду стаў настойваць, каб атрад вярнуўся назад праз мяжу.

Саступаючы настойлівым патрабаванням палкоўнік Эрдман павёў атрад назад да мяжы 23 верасня.

Не дайшоўшы да мяжы вярсты 4 палкоўнік Эрдман пачаў намаўляць увесь атрад прабыць сутак трое за мяжой, а ён у гэты час паедзе ў Варшаву, дзе высветліць становішча. Капітан БЕЛАН не згаджаўся на гэта і вырашана было пераходзіць мяжу ўсім разам.

25 верасня палкоўнік Эрдман зноў стаў казаць, каб атрад затрымаўся, ён адзін пяройдзе мяжу і пастараецца ўладкаваць усіх на працу ў памежную варту.

Я пачуўшы такую размову падышоў бліжэй да палкоўніка Эрдмана і заявіў, што я таксама жадаю разам з ім ехаць у Варшаву для дакладу, што пры атрадзе мая місія скончана, бо ён на днях пераходзіць мяжу, а задача ўскладзеная на атрад пры такім кіраўніцтве не магла быць выканана.

Палкоўнік Эрдман спытаў ці маю я грошы на дарогу. Я сказаў, што магу дабрацца толькі з яго дапамогай. На гэта палкоўнік павышаным тонам адказаў: „У мяне для вар’ятаў дасланых з Варшавы грошаў няма”. Я адказаў, што тады як-небудзь сам дабяруся сваімі сіламі. За гэта палкоўнік Эрдман накінуўся на мяне са словамі: „Як вы хочаце шапірограф прадаць”, – я адказаў, што калі б гэта і было так, то адказваю толькі я.

Палкоўнік выхоплівае браўнінг, настаўляе мне ў лоб з крыкам: „Ты не ведаеш як мне падпарадкоўвацца, – застрэлю”.

І так было два разы. Я заявіў, што хоць вы мяне і заб’еце, то на маё месца будзе даслана пяць. Тады ён два разы ўдарыў мяне па левай руцэ і штурхнуў у шыю. Я бачучы, што са звар’яцелым чалавекам гаварыць нельга, адышоў у бок.

Пасля пераходу мяжы капітан БЕЛАН, паручнік ЕРАМЕЕЎ і паручнік ШЫЛАЎ невядома куды скрыліся з атраду. Палкоўнік Эрдман дайшоўшы да бліжэйшага хутару ўзяў падводу і з’ехаў у мястэчка Докшыцы, пакінуўшы намеснікам ШЫКАМ-БУРЫМОВІЧА. Загадаў прывезці каманду ў ДОКШЫЦЫ, дзе ён будзе чакаць. Пасля прыбыцця ў м. Докшыцы атрад размясціўся ў сяле, бо палкоўнік Эрдман загадаў ШЫКАМ-БУРЫМОВІЧУ з’явіцца ў м. Глыбокае з атрадам не раней чым праз два дні, пакуль ён там уладкуе ўсіх на працу. Папераў ніякіх не даў, сказаў, што заўтра з’явіцеся да камісара паліцыі, які дасць вам дакументы, ахову і падводы, бо ён з ім ужо перагаварыў.

На другі дзень ШЫКАМ-БУРЫМОВІЧ з’явіўся да камісара паліцыі па дакументы на атрад, але камісар выдаць дакументы адмовіўся заявіўшы, што палкоўніка Эрдмана ён не бачыў, але мае ад яго неафіцыйную цыдулку, якой кіравацца не можа. „Калі вырашыце рухацца куды вам трэба без дакументаў, а мне паведамяць пра вас афіцыйна ці загадаюць арыштаваць, то я дашлю варту і ўсіх арыштую”.

Такім чынам атрады давялося рухацца ў Глыбокае пешшу без ніякіх дакументаў.

Прыбыўшы ў Глыбокае атрад пад кіраўніцтвам ШЫКАМ-БУРЫМОВІЧА з’явіўся да палкоўніка Эрдмана. Палкоўнік сустрэўшы атрад у сябе на кватэры заявіў: Што ён чалавек свабодны ні ў каго не служыць і сродкаў ні ад каго не атрымлівае. Што на днях ён едзе ў Варшаву і хто хоча можа прасіць замовіць за яго слова пра штосьці, ён з задавальненнем зробіць, але як кіраўнік, а не як прыватная асоба. Можа дапамагчы з абмундзіраваннем для тых, у каго яго няма ў Чырвоным Крыжы і ў Расейскім Камітэце, але толькі не ў Палітычным Камітэце. На пытанне, як жа баць з кватэрамі і прадуктамі адказаў: „Гэта мяне не датычыць”. Ідзіце да палкоўніка ЛЮДАГОЎСКАГА, ён здаецца вас ужо чакае і ад яго ўсё патрабуйце, і нават сродкі, бо ў яго ёсць грошы. „Пасля гэтага атрад адправіўся і паступіў у распараджэнне ЛЮДАГОЎСКАГА, якога я прасіў пра дакументы для паездкі ў Варшаву.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара.