„Анёльскія спатканні” ў Гародні
У гарадзенскім культурным цэнтры „Фестывальны” адкрылася перадкалядная выстава жывапісу, графікі і керамікі, з’яднаная агульнай тэмай: „Анёльскія спатканні”.
Ірына Сільвановіч, дырэктарка выставачнай залы Саюза мастакоў, мяркуе, што творчы патэнцыял гарадзенскіх мастакоў мае высокі ровень стылю і тэхнікі. Юрый Якавенка, Аляксандар Сільвановіч, Вікторыя Ільіна, Алена Кузняцова, Сняжана Віцецкая шырока вядомыя аматарам мастацтва. Свае інсталяцыі прэзентавалі гледачам Вікторыя Антыпіна і Кацярына Еўдакімава.
– Гэты праект нарадзіўся спачатку ў нашай сям’і. Мы паразмаўлялі з Аляксандрам і вырашылі ў канцы года перад Калядамі, перад Новым годам зрабіць такую выставу ў нашым новым цэнтры – Культурным цэнтры „Фестывальны”. Але пасля, калі мы гэта расказалі аднаму, другому мастаку, яны таксама згадзіліся, што вельмі цікавая тэма. І спыталіся, ці можна таксама паўдзельнічаць у гэтай выставе. І зараз ужо больш за дзесяць мастакоў беларускіх, а яшчэ і літоўскіх.
Выстава прапануе не толькі паглядзець працы гарадзенскіх мастакоў, але таксама і літоўскіх керамістаў. Усе наведнікі змогуць набыць работы наконадні святаў. Выстава будзе адчынена да 14-га студзеня 2019 года.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня