“Анёлы над горадам” ужо ў Гародні



Аматары даўніны з Гародні, што былі фундатарамі праекта “Анёлы над горадам”, ужо з 3 верасня змогуць атрымаць падарункі,  звязаныя з аднаўленнем гістарычнай спадчыны. Праект тычыўся аднаўлення першай выявы Гародні на старажытнай гравюры.

Пра праект распавядае адзін з яго ініцыятараў гісторык Алесь Перагудаў:

– Праект “Анёлы над горадам” прысвечаны 450-годдзю – вялікаму юбілею – першай графічнай выявы Гародні, якая выканана ў тэхніцы гравюры на медзі – медзярыт. І якой дагэтуль няма ў горадзе над Нёманам. Таму каманда майстэрня imago.by вырашыла выправіць гэту гістарычную памылку і ў гэты юбілейны год выканаць факсімільную копію, па максімальна дакладных тэхналогіях, гэтай гравюры.

Па словах Алеся Перагудава, гарадзенцы атрымаюць вельмі адметныя падарункі, звязаныя з гэтай гравюрай:

– Гарадзенскія фундатары могуць забраць яе ўжо сёння ў гарадзенскай этна-краме “Цудоўня”. Гэта прынты, выкананыя ручным друкам на паперы ручной адліўкі, на якіх адлюстраваны фрагменты гравюры. То бок, гэта падарункавая з’ява, якая шыкоўна аздобіць любы інтэр’ер.

Астатнія фундатары з іншых гарадоў Беларусі і замежжа  атрымаюць свае падарункі праз пошту.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня