«Апошні рамантык эпохі»



«Апошні рамантык эпохі». Выстава жывапісу пад такой назвай, адкрыецца па выніках мастацкага пленэру ў памяць пра Тадэвуша Рэйтана ў гісторыка-мемарыяльным музеі «Сядзіба Нямцэвічаў», што ў Скоках Берасцейскага раёна.

Шляхціч, пасол Сейму Рэчы Паспалітай ад Навагрудскага ваяводства намагаўся спыніць падзел краіны і не выпускаючы дэпутатаў з залі паседжанняў лёг перад выхадам са словамі: «Забейце мяне, на забівайце Айчыну!».

Кажа кіраўнік арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцер Юркевіч:

Ён як пасол ад Вялікага Княства Літоўскага быў абавязаны бараніць ВКЛ. А так як не знайшлося з боку палякаў такіх жа герояў, прыйшлося і яму стаць у іх абарону. Такі вельмі характэрны момант. З-за гэтага мы маем і праблемы з яго ушанаваннем, бо палякі за гэтыя гады так прыкіпелі да ягонай асобы і стварылі вакол яго такі моцны арэол польскасці, якой не было, што цяпер нам прыходзіцца гэты арэол адсоўваць, каб паказаць ягоную беларускасць. Ён паходзіў з беларускага роду і ўсе дыярыушы Сойму сведчаць, што літвін Рэйтан і ўся Літва змагаюцца, а палякі, на жаль, ішлі за Панінскім і бралі грошы.

Пленэр і выстава праводзяцца пры падтрымцы Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці, «Берасцейскай кацельнай гаспадарцы», Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС, «Ляхавіцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы» і арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана. Пачатак а 17-й. Даехаць з Берасця да сядзібы можна маршрутным таксі №20.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце