ARCHE выдаў унікальны нумар, прысвечаны БНР
Рэдакцыя выдала юбілейны выпуск, прымеркаваны да 100-годдзя БНР і 20-годдзя часопіса.
„Мы падрыхтавалі гэты нумар, каб кожны чытач мог пагрузіцца ў аўтэнтычны свет БНР і Акту 25 сакавіка, а не больш ці менш удалых стылізацый пад яго. Мы адабралі толькі арыгінальныя матэр’ялы, не дапускаючы ніякіх рэканструкцыяў”, — гаворыцца ў рэдакцыйным звароце.
Выпуск выдадзены цалкам у колеры. Фактычна гэта ўнікальны тэматычны фотаальбом. Адпаведна, фармат выдання быў значна павялічаны. У ім друкуюцца сотні аўтэнтычных фота, якія ілюструюць розныя аспекты дзейнасці БНР: партрэты лідараў, рознага кшталту дакументы (устаўныя граматы, пашпарты, адозвы, абвесткі). Даюцца факсіміле пячатак, марак, паштовак ды іншай аўтэнтычнай атрыбутыкі.
Нумар дазваляе чытачу паглыбіцца ў свет БНР і Акту 25 сакавіка 1918 году. У ім раскрываюцца тэмы, якія застаюцца надзвычай актуальнымі ў Беларусі і праз сто гадоў. Шмат якія ілюстрацыі друкуюцца ўпершыню.
Пра тое, як атрымаць унікальны нумар-фотаальбом, можна даведацца на сайце ARCHE.