Арганістка полацкай Сафіі дала канцэрт у Нотр-Даме



Гэты канцэрт рыхтаваўся амаль чатыры гады. Арганістка полацкага Сафійскага Сабора Ксенія Пагарэлая дала канцэрт у легендарным парыжскім саборы Нотр-Дам. Упершыню арганіст з Беларусі атрымаў такую магчымасць. У чарзе, каб выступіць у Саборы Парыжскай Божай Маці, гадамі стаяць музыкі з усяго свету. Алесь Аркуш пагутарыў з Ксеніяй Пагарэлай пра гэтую музычную падзею.

12074778

 Ксенія Пагарэлая: Гэты канцэрт рыхтаваўся амаль чатыры гады. Дасылаліся на духоўную службу Сабора Парыжскай Божай Маці мой запіс, біяграфія, некалькі праграм. І яны там прымалі рашэнне. Да іх прыходзяць запыты ад арганістаў з усяго свету, і яны вырашаюць, каго запрасіць. Па суботах а 20-й гадзіне ў іх ідзе канцэрт духоўнай музыкі. Канцэрт павінен доўжыцца роўна 38 хвілін. Не больш таго… І ў мяне наканец адбылося. Год таму мне паведамілі дату. І я пачала рыхтавацца. Перад канцэртам былі дзве рэпетыцыі – па дзве з паловай гадзіны. Даволі шмат людзей сабралося. Там вялікі зал. У аргана 5 мануалаў, 121 рэгістр, больш 10 тысяч труб. Гістарычны інструмент. Майстар аргану – Арістыд Кавайе-Коль. Гэта другая палова 19 стагоддзя. У зале, я думаю, было недзе паўтары тысячы слухачоў, таму што вельмі вялікі зал. Магчыма там і дзве тысячы было. Вольных месцаў было зусім няшмат.

РР: А перад выступам было нейкае прадстаўленне, маўляў, выступае арганістка з Беларусі, з полацкага Сафійскага сабора?

Ксенія Пагарэлая: Так, канешне. На пачатку прагучала невялікая месса, спеў хор, адыграў арган, які ў алтары знаходзіцца. Потым мясцовы вядомы арганіст Аліўе Латры імправізаваў. Затым выйшаў святар, усіх прывітаў і сказаў, што зараз будзе выступаць арганістка з Беларусі, з полацкага Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая. Аб’весціў маю праграму. Усё на французскай мове, у мікрафон. У саборы таксама вісела і пісьмовая абвестка, у якой паведамлялася праграма канцэрта.

РР: Падчас падобнага канцэрта трэба выконваць нейкія абавязковыя творы. Ці гралі Вы музыку беларускіх кампазітараў?

Ксенія Пагарэлая: Канешне, беларускія аўтары абавязковая ўмова. На жаль, існуе абмежаванне сучаснай музыкі да 15%. Я выканала «Малітву» Ганны Кароткінай з яе цыклу «Фрэскі» для аргана. Вельмі добра сустрэлі. Там адразу зрабілі запіс выступу і  мне яго далі. Я ўжо перадала запіс на радыё «Культура». Запіс ужо прагучаў часткова, як раз Кароткіна і прагучала. І Луі Вьерн – гэта кампазітар канца 19-га – пачатку 20 стагоддзя, які доўгі час быў арганістам у гэтым саборы. Ён быў сляпы і, здаецца, каля 30 гадоў быў арганістам Нотр-Дама. Яго твор «На Рэйне» я і выканала. Ён як раз для гэтага аргану напісаны. Фантастычная п’еса.

12141547

РР: Такі канцэрт можа быць толькі раз у жыцці для аднаго арганіста? Ці можна яшчэ раз падаць заяўку?

Ксенія Пагарэлая: Я думаю, што можна яшчэ раз паспрабаваць. Там, канешне, вялікая чарга. Не ведаю, ці хопіць ў мяне трывання і сіл на ўсё гэта. Таму што і фінансава гэта накладна. Бо гэты канцэрт безганарарны. Таму не ведаю, як у мяне атрымаецца.

Ксенія Пагарэлая з 1987 года з’яўляецца арганісткай полацкага Сафійскага сабора. Яе добра ведаюць у музычны свеце Еўропы. Канцэрты Ксеніі праходзілі ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расеі, Украіне. У студэнцкія гады Ксенія, апынуўшыся ў Рызе, наведала арганны канцэрт у Домскім сабор. Уражанні былі настолькі моцнымі, што вызначылі далейшы яе лёс.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фото з Фэйсбука Ксеніі Пагарэлай