Арханёл Міхаіл – абаронца веры і змагар са злом



21 лістапада Праваслаўная Царква ўшаноўвае Арханёла Міхаіла.

98096

Паводле Святога Пісання, акрамя матэрыяльнага існуе вялікі духоўны свет, населены разумнымі, добрымі істотамі, якіх называем “анёламі”. Слова “анёл” азначае “вяшчун”, “пасланец”, паколькі цераз анёлаў Бог часта абвяшчаў сваю волю. Дадатак “архі” указвае на іх больш узвышанае служэнне і статус у параўнанні з астатнімі анёламі. У чым палягае жыццё ў духоўным свеце нам не дадзена ні ведаць, ні зразумець, але напэўна, гэта стан, дзе ні час, ні прастора ў нашым разуменні не існуюць.

Імя Міхаіл па-габрэйску азначае “Хто, як Бог”. Святое Пісанне, апісваючы з’яўленне анёлаў розным людзям, канкрэтным імем называе толькі некаторых анёлаў. Сярод іх Арханёлы Міхаіл і Гаўрыіл, якія згадваюцца ў канаічных кнігах Святога Пісання, а таксама Рафаіл, Урыл, Салафіл, Егудзііл і Варахііл, якія згадваюцца у некананічных кнігах. У Кнізе Тавіта Арханёл Рафаіл гаворыць пра сябе: “Я – Рафаіл, адзін з сямі святых анёлаў, якія ўзносяць малітвы святых і ўсходзяць перад славу святога. (Тав.12,15) Адсюль з’явілася перакананне, што на небе толькі сем Арханёлаў, адным з якіх з’яўзляецца Міхаіл.

Арханёл Міхаіл называецца у Святым Пісанні “камандзірам Гасподняга войска” і прадстаўляецца як галоўны змагар супраць д’ябла і ўсялякага бяззаконьня. Адсюль у яго званне “архістраціг” – гэта значыць “старшы ваяр”, “правадыр”. Арханёл з’явіўся Ісусу Навіну ў якасці памочніка пры заваёўванні Зямлі Абяцанай. Ён з’явіўся прароку Даніілу ў дні краху Вавілонскага царства і пачатку Месіянскага Царства. У Кнізе Адкрыцьця Міхаіл выступае як галоўны ваяр у змаганні з драконам-д’яблам і ўзбунтаванымі анёламі. Некаторыя Айцы Царквы лічылі, што Арханёл Міхаіл удзельнічаў у іншых важных падзеях, хаця і не называўся сваім імем.

Ён атаесамляецца з тым вогненным стаўпом, які ішоў перад ізраільцянамі пасля ўцёкаў з Егіпту. Яму таксама прыпісваецца перамога над асірыйскім войскам, якое акружыла Іерусалім у час прарока Ісайі.

Царква шаннуе Арханёла Міхаіла як абаронцу веры і змагара супраць ерасяў і ўсялякага зла. На іконах яго прадстаўляюць з вогненным мячом у руцэ або з кап’ём, які праклвае сатану. Царква ўстанавіла адмысловае свята ў гонар Арханёла Міхаіла 8-21 лістапада ў пачатку 4-га стагоддзя. Гэты дзень з’яўляецца храмавым святам, у прыватнасці, у Міхайлаўскай царкве у Бельску-Падляшскім.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя