Археалагічны музей з’явіцца ў Полацку
У самым старажытным горадзе Беларусі Полацку плануюць стварыць музей археалогіі, паведаміла дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева.
Новы музей размесціцца на Ніжне-Пакроўскай вуліцы ў сценах былога будынка РАУС, які перадалі гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. Пабудова з’яўляецца помнікам архітэктуры: у свой час гэта быў жылы корпус францысканскага манастыра. Будынак чакае рэстаўрацыя.
За гады археалагічных даследаванняў Полацка спецыялісты выявілі мноства знаходак. Цяпер у фондзе музея-запаведніка – больш за 20 тыс. прадметаў археалогіі. Гэта ўпрыгожванні, прадукцыя рамеснікаў, дзіцячыя цацкі, артэфакты з раскопак на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, кераміка, старажытная зброя, пячаткі Ефрасінні Полацкай. «Думаю, наша калекцыя будзе папаўняцца. Цяпер плануюцца раскопкі на тэрыторыі Верхняга замка», – адзначыла Тамара Джумантаева.
У будучы музей могуць пераехаць рэстаўрацыйныя майстэрні. Магчыма, працэс аднаўлення артэфактаў будзе адкрытым для наведвальнікаў.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік пачаў фармавацца ў 1967 годзе. Сёння ў яго склад уваходзяць больш за 10 музеяў – беларускага кнігадрукавання, баявой славы, музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора і іншыя.