«Археалогія старажытнага Берасця: гісторыя і перспектывы»
Аляксандр Башкоў выступіў на музейным вечары пад назвай «Археалогія старажытнага Берасця: гісторыя і перспектывы», які праходзіў у Абласным краязнаўчым музеі.
Археолаг, кандыдат гістарычных навук і дацэнт кафедры славянскіх народаў Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта цягам амаль дзвюх гадзін распавядаў пра даследаванні старажытнага горада і адказваў на пытанні наведвальнікаў. Не адмыслоўцаў цікавілі пытанні датычныя будучыні археалагічных даследаванняў раёнаў Берасцейскай крэпасці дзе раней і месціўся стары горад:
— Сёння выказваецца маса меркаванняў. Пошук замка — добрая ідэя. Зноў да пошук такіх знакавых архітэктурных помнікаў, як Ратуша ў старым горадзе. Не благая ідэя. Працяг працы каля Бярэсця. Што б мы не бралі пад увагу, калі гутарка ідзе пра археалагічныя даследаванні горада, яны ў любым раскладзе будуць шыкоўным матэрыялам. А галоўнае, папоўніць крынічную базу для вывучэння гэтага горада, бо стэрэатып, што Крэпасць ёсць,а знізу нічога не захавалася насамрэч не адпавядае рэчаіснасці. Таму перспектыва залежыць ад падтрымкі ўлад, ад канцэнтрацыі намаганняў даследчыкаў ну і, вядома, ад падтрымкі грамадскасці.
Былі пытанні пра найбольш старажытныя знаходкі, больш дэтальныя месцы пошукаў і іншыя. Пасля выступу наведвальнікі, якіх было каля сарака чалавек, падзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы. Кажа краязнаўца і даследчык Анатоль Нікітчык:
— Усе чакаюць развіцця тэмы: і па Бярэсці, і па горадзе, і па манастырах. Бо паўсюль нечапаны край і усё гэта ляжыць. Гэта прыкра і бянтэжыць.
Напрыканцы мерапрыемства адбыўся інтэрактыў пад назвай “Як і для чаго малюе археолаг”. Музейны вечар падрыхтаваны да 1000-годдзя гораду, якое будуць адзначаць у 2019 годзе, у межах ініцыятывы “18 квартал”.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце