Археолагі знайшлі фрагменты загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў XII стагоддзя



Археолагі і валанцёры на беразе возера Чарсцвяты ва Ушацкім раёне выявілі фрагменты загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў XII стагоддзя.

Археалагічная экспедыцыя ідзе трэці тыдзень. Нядаўна яе ўдзельнікі натыкнуліся на фрагменты загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў XII стагоддзя. Гісторык Васіль Варонін у свой час выказваў гіпотэзу, што землі і двары полацкага ваяводы XVI стагоддзя могуць быць княжацкай спадчынай больш ранняга перыяду.

„Нам удалося даказаць, што тут былі княжацкія дамініяльныя ўладанні. Зараз знайшлі іх канкрэтнае месца, але падобныя пабудовы ёсць у гэтай мясцовасці ў іншых кропках”, – распавёў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў.

У першым раскопе спецыялісты адшукалі гаспадарчую пабудову. Зараз працуюць на другім раскопе, дзе выявілі печ і кніжную зашпільку XII стагоддзя, наканечнік стралы, кераміку. Усё гэта сведчыць, што тут жыла і адпачывала статусная асоба.

„Падобныя фрагменты рэзідэнцыі за межамі гарадоў мы ідэнтыфікуем ўпершыню ў гісторыі археалогіі Беларусі. Назваць канкрэтныя імёны князёў, якія тут маглі жыць, не можам. Тэарэтычна, тут мог бываць Усяслаў Чарадзей„, – дадаў археолаг Марат Клімаў.

Не выключана, што ў час міжусобіцы княжая рэзідэнцыя была спалена. Тут знайшлі чалавечыя парэшткі, пакуль невядома, якога яны перыяду.

БЕЛТА