Археолагі знайшлі манастырскую пячатка прападобнай Ефрасінні Полацкай
У час рэстаўрацыйна-археалагічных работ каля паўднёвай сцяны Спаса-Праабражэнскага храма Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра знойдзена пячатка (ХІІ стагоддзе) прападобнай Ефрасінні. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы.
Пячатка двухбаковая. З аднаго боку – выява прападобнай Ефрасінні Александрыйскай – патранэсы прападобнай Ефрасінні Полацкай. У адной руцэ ў яе крыж, другая – паднята ў благаслаўляючым жэсце. Паводле слоў дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдата гістарычных навук Іны Калечыц, знойдзеную пячатку можна атрыбутаваць як прыналежную прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Вучоная звярнула ўвагу на надпіс „Иефросинья” па абодвух баках выявы. „Калі пішацца аб самой прападобнай Ефрасінні Полацкай – пішацца „Офросинья”, відаць, каб адрозніць. „Офросинья” – так, хутчэй за ўсё, прападобную называлі. Па крузе ішоў надпіс, які павінен быў чытацца як „Господи, помози рабе Своей Офросинье на многая лета”. Застаўся толькі невялікі кавалачак „на многая лета”. Астатні надпіс і лік наўмысна былі сапсаваны нейкім спецыяльным інструментам. Магчыма, атрымаўся не вельмі ўдачны адбітак пячаткі”, – расказала Іна Калечыц.
З адваротнага боку пячаткі выява Хрыста Збавіцеля „Пантакратар”, якая практычна поўнасцю супадае з выявай, што знаходзіцца ў Спаса-Праабражэнскім храме Полацкага манастыра на фрэсцы. „Такім чынам гэта пячатка і прападобнай, і пячатка манастыра”, – дадала спецыяліст.
Пячатку знайшоў вядучы навуковы супрацоўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандр Салаўёў. Знаходку будуць даследаваць вучоныя розных спецыяльнасцей. „Гэта абвіслая пячаць, такія звычайна прывешвалі да дакументаў таго часу, калі перавязвалі, каб ніхто іх не прачытаў. Унутры прапускаўся шпагат. Пячаць была знойдзена ў адкрытай гэтым летам грабніцы-аркасоліі”, – расказаў Аляксандр Салаўёў.
У 2015 годзе ў Полацку ў час раскопак на плошчы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра знойдзена старажытная актавая пячатка Ефрасінні Полацкай.
Фота з афіцыйнага партала Беларускай праваслаўнай царквы