Архіў жодзінскага празаіка перадалі ў музей
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва папоўніўся новым архівам пісьменніка – жодзінскага празаіка Івана Сіняўскага.
Іван Сіняўскі
Удава пісьменніка Святлана Сіняўская пакуль што перадала музейнай установе толькі частку архіўных матэрыялаў, бо пры жыцці пісьменніка шмат чаго не патрапіла ў друк, таму неапублікаванае пакуль застаецца ў сям’і.
Кажа Святлана Сіняўская:
– Сын будзе яшчэ пераглядаць. Можа, што-небудзь яшчэ надрукуем пасля, бо шмат нявыдадзенага. Спадзяванні ёсць. Ёсць ненадрукаваныя нарысы, некалькі кніг апошняй прозы, таксама ён падрыхтаваў зборнік выбранага, але не паспеў выдаць.
Віктар Жыбуль і Алесь Аркуш у гасцях у Святланы Сіняўскай.
Супрацоўнік музея-архіва Віктар Жыбуль вось ужо некалькі гадоў займаецца пошукамі і выратаваннем архіваў беларускіх пісьменнікаў, якія пайшлі з жыцця. Часам ён знаходзіць архівы ў вельмі кепскім стане – на гарышчах або ў гаражах, заплеснявелыя і пагрызеныя мышамі.
“Пісьменніцкія архівы – нашая каштоўная культурная спадчына”, – тлумачыць важнасць сваёй працы Віктар Жыбуль.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя