Архіўныя здымкі ажываюць: „Я знаю гэтую жанчыну”



4 красавіка 1991 года, па праспекце, тады яшчэ імя Леніна рэвалюцыйныя масы рухаюцца ў бок Плошчы Леніна. Жанчына сталага ўзросту ўглядаецца ім услед. Над ёй гадзіннік, які паказвае дакладны час. Ёсць тут асацыяцыя з гадзінніка з фільма Бергмана „Сунічная паляна”, хаця ў фільме гадзіннік круглы – без стрэлак і без часу.

Менск, 4 красавіка 1991 года, аўтар фотаздымка Уладзімір Сапагоў. Стаіць – Клаўдзія Фёдараўна Калітоўская.

Хто гэтая жанчына? Здаецца, персанаж з мінулага – без імя і біяграфіі.

Але на публікацыю ў facebook адгукнуўся Сяргей Горбік, менчук, які цяпер жыве ва Украіне:

Гэта лёс… я знаю гэтую жанчыну, і нават бачыў у яе гэтае фота, яна жыла ў тым жа доме, што і мы.  Гэта былая загадчыца харэграфічнай вучэльні, яка жыла на вул. Чычэрына 3, на трэцім паверсе. Адзін з апошніх яе выхадаў з дому.. У яе была гэтая фотка…..  Яе звалі Клаўдзія Фёдараўна Калітоўская. Яна неяк пасябравала з маёй маці, практычна адразу, як мы размянялі кватэру ды пераехалі. Была адзінокая, практычна ўсе святы была з намі. Дарэчы, у яе быў вельмі класны фота архіў беларускай тэатральнай інтэлігенцыі міжваенага і паваенага часу. Але я тады быў дурнаваты ды не перазняў. Дзяцей у яе не было, а толькі пляменік быў. Да яе прыходзіла багата вучняў ды прыносілі навіны. У тым ліку і гэта фота. Ёй хтось прынёс гэтыя фота, і яна сябе пазнала. У 1989 годзе на яе просьбу, я прынёс наш сцяжок маленькі ды значак з Пагоняй, яны стаялі ўвесь час на яе стале. Была сапраўды інтэлігентная жанчына старога выхаваньня. Паліла выключна „Беламор”. Дарэчы, яе вучні, якія і прынеслі гэтае фота, яе пазналі праз тэатральную паставу.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя