Аршанцы атрымалі падарунак на дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча
Да 90-годдзя пісьменніка на ягонай малой радзіме, у Воршы, з’явіўся новы аб’ект, звязаны з імем славутага земляка: апрача музея, вуліцы імя Караткевіча, гарэльефа ў пачатку гэтай вуліцы і помніка ў гарадскім парку, аршанцы могуць ганарыцца і незвычайным муралам – малюнкам на сцяне жылога дома.
Яго можна разглядаць, а можна і чытаць, кажа пісьменніца Паліна Сцепаненка:
– Гэты мурал з’явіўся з ініцыятывы Андрэя Балабіна, прадпрымальніка і мецэната, які набыў дом Караткевічаў у Воршы і збіраецца зрабіць там музей. Мурал знаходзіцца на скрыжаванні вуліц імя Караткевіча і Марата, на гэтым мурале – партрэт Уладзіміра Караткевіча, фрагменты ягоных твораў, напісаныя ягоным почыркам, ягоныя малюнкі…
Паліна Сцепаненка – адна з ініцыятарак “Вандроўнага фэсту Караткевіча”, які пры падтрымцы ПЭН-цэнтру і Саюзу беларускіх пісьменнікаў упершыню прайшоў летась. Сёлета праз складаную эпідэміялагічную сітуацыю яго давялося перавесці ў віртуальны фармат. Экскурсіі, сустрэчы ды іншыя імпрэзы праходзяць анлайн, прыкладам, увечары 26-га лістапада адбудзецца віртуальная сяброўская вечарына “Вандроўны тост Уладзіміра Караткевіча”, да якой могуць далучыцца ўсе ахвотныя.
Зрэшты, у Воршы яшчэ шмат людзей, якія сустракаліся з Караткевічам не віртуальна, а ў рэальным жыцці. На такую сустрэчу пашчасціла і аршанскай паэтцы Яўгеніі Казловай:
– Я жыла на вуліцы Марата, і хадзіла па вуліцы Касманаўтаў, як яна тады называлася, а цяпер – Караткевіча. І аднойчы бачу: сядзіць чалавек на лаўцы каля свайго доміка, чытае. Прыгледзелася – Караткевіч! І так мне хацелася да яго падысці… Дагэтуль сябе дакараю, што не наважылася тады паразмаўляць, прывітацца…
У дзень народзінаў славутага земляка спадарыня Яўгенія разам з іншымі гараджанамі ўзяла ўдзел у імпрэзе, якую зладзілі мясцовыя актывісты. Каля помніка Уладзіміру Караткевічу яны чыталі ягоныя вершы, а потым усклалі кветкі.
Кветкі да помніка Уладзіміру Караткевічу сёння ўскладалі і ў Віцебску. Гэта шматгадовая традыцыя, якую падтрымліваюць сябры Таварыства беларускай мовы, літаратары, грамадскія актывісты, і ўсе аматары творчасці пісьменніка.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск