Арт-агляд



Пра прысуд удзельнікам рок-гурту «Tor Band», пра Ордэн Брытанскай імперыі сузаснавальнікам «Свабоднага тэатру» і пра новыя праектныя магчымасці для беларускіх творцаў.

Пачнем з раны на сэрцы кожнага неабыякавага беларуса. Згодна тэлеграм-каналу Беларускай Рады Культуры «By_culture»:

142 дзеячы культуры знаходзяцца за кратамі, з іх: 15 адбываюць крымінальнае пакаранне ў турме, 67 знаходзяцца ў калоніі, 18 – у СІЗА, 4 чалавекі адбываюць пакаранне на «хіміі», 26 – знаходзяцца пад хатнім арыштам («хатняя хімія»). Месцазнаходжанне 12 творцаў невядомае.

31 кастрычніка дадаліся ўдзельнікаў рок-гурту «Tor Band». Іх асудзілі на тэрміны ад 7 да 9 гадоў узмоцненага рэжыму. Дзмітрыю Галавачу прысудзілі 9 гадоў зняволення, Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў, а Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 год.

_____________________________

З пазітыўнага – 2 лістапада сузаснавальніца «Свабоднага тэатру» Наталля Каляда атрымала Ордэн Брытанскай імперыі за ўнёсак у развіццё брытанскага тэатру. Так, рэзідэнцыя «Свабоднага тэатру» у Лондане. Але дэ-факта тэатральны праект ад 2010 году стаўся нефармальным амбасадарам вольных беларусаў.

Названы ордэн – гэта свайго кшталту «нобэлеўская прэмія» для дзеячаў розных галінаў культуры. За ўзнагародай няма грошай, але ёсць велічэзны рэпутацыйным капітал.

У студзені наступнага году муж Наталлі Каляды і сузаснавальнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін таксама атрымае Ордэн Брытанскай імперыі.

Апроч уласнага поспеху заснавальнікаў, а таксама ўдзельнікаў праекту «Свабодны тэатр», каралеўская брытанская прэмія – гэта ўзняццё міжнароднага іміджу супольнасці вольных беларусаў на новы ўзровень.

_____________________________

Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры ў супрацы з Дацкім інстытутам культуры адкрывае прыём заявак на фінансаванне творчых паездак. Агульная мэта конкурсу – падтрымаць мабільнасць, якая паспрыяе наладжванню міжкультурных адносін, адкрые доступ для новых магчымасцяў ці дапаможа вам развіць прафесійныя навыкі.

У рамках гэтага конкурсу вы можаце падаць заяўку на падтрымку мабільнасці, звязанай з творчасцю.

Яе працягласць мусіць складаць ад 1 тыдня да 2 месяцаў.

Усё што трэба, гэта загугліць словы «Рада культуры» і «праграма мабільнасці».

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя