Арт-агляд
Спектакль «Еду ў Магадан: не вер, не бойся, не прасі» ў Варшаве 13 і 14 лістапада.
Спектакль пастаўлены ў тэары «3 + КК» з чэшскага горада Брно. П’еса створаная паводле кнігі Ігара Аліневіча «Еду в Магадан». У 2011 аўтар быў асуджаны на восем гадоў зняволення за сімвалічную акцыю простага дзеяння – за сімвалічны «кактэйль молатава» ў адзін з адміністрацыйных будынкаў.
Ад сябе дадам, што драконаўскі па тых часах тэрмін Аліневіч атрымаў за тое, што быў паслядоўным анархістам. Любая ўлада баіцца ідэйных людзей, гатовых сістэме супрацьстаяць фізічна.
«Еду в Магадан» – гэта дзённікі, якія аўтар здолеў перадаць на волю. Кніга была апублікаваная яшчэ калі Ігар Аліневіч сядзеў за кратамі».
Зноў выкажу асабістае меркаванне, што пакуль «Еду в Магадан» самая шчырае і самае жорсткае сведчанне з-за кратаў. Ігар Аліневіч фактычна нанёс удар па сістэме, бо вельмі падрабязна распавёў як сістэма працуе ў зняволенні. Толькі паводле сведчанняў Аліневіча можна ўзбуджаць крымінальную справу супраць лукашызму.
Ігар Аліневіч быў вызвалены ў 2015 года ў ліку шасці беларускіх палітвязняў згодна з падпісаным Лукашэнкам указам аб памілаванні.
Перад тым «Еду в Магадан» атрымала ў 2013 годзе першую прэмію імя Францішка Аляхновіча.
Ад 2021 года Ігар Аліневіч зноў за кратамі, гэтым разам дваццаці гадовы тэрмін.
***
У Лос Анжэлесе ў тэатры «City Garage» адбудзецца прэм’ера спектакля па пʼесы «Пакрыўджаныя. Беларусь»: пра беларускія пратэсты на ангельскай мове. Пракат спектакля будзе ісці роўна месяц – з 17 лістапада па 17 снежня 2023 г. Вось што піша ў сваім блогу стваральнік спектакля Андрэй Курэйчык (цытую):
«Упершыню прафесійны амерыканскі тэатр звяртаецца да тэмы Беларусі, беларускага супраціву, пратэсту і падтрымкі беларускага грамадства. Не сакрэт, што вайна ва Украіне і на Блізкім Усходзе адсунула тэму Беларусі ў глухі кут.
Гэты спектакль – шанец больш расказаць амерыканскаму гледачу пра тое, што адбылося ў Беларусі ў 2020, пра барацьбу беларусаў за сваю свабоду, пра тое, з якім злом рэальна яны сутыкнуліся. Пра нашых герояў. Таксама гэта яшчэ адна нагода для сатыры на Лукашэнку і ягоных паплечнікаў». (канец цытаты).
Сведчанні беларусаў пра злачынствы лукашыстаў выходзяць да людзей праз розныя формы мастацтва і дакументалістыкі. Гэта трэнд, тое што мы бачым, можна назваць масавай з’явай. Беларусь не застанецца белай плямай на мапе Еўропы.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя