Арт-агляд
15 ліпеня 1410 году адбылася Грунвальдская бітва. Продкі палякаў і беларусаў былі асноўнымі фігурантамі гэтай грандыёзнай падзеі.
Таксама продкі сучасных літоўцаў, украінцаў, мусульмане розных этнасаў, якіх клікалі татарамі. Іншыя народы.
З супрацьлеглага боку апроч немцаў былі рыцары ці не з усёй Заходняй Еўропай.
У Беларусі да лукашызму ладзіліся шматлікія культурныя імпрэзы.
Гістарычная дата даўняя, але дае магчымасць падтрымаць гонар за сваіх продкаў і прадэманстраваць незалежнасць.
Цікава, што лукашэнкаўская прапаганда не карыстаецца з угодкаў Грунвальда.
Калісьці выданне «Навінкі» ў сваім відэапраекце «Гуд бай, Бацька!» пажартавала ў тым стылі, што (цытую) «Мы разам з саюзнымі смаленскімі войскамі разграмілі натаўскіх агрэсараў (канец цытаты).
Мая версія пра тое, чаму грунвальдская бітва не акцэнтуецца афіцыйнай прапагандай такая. Гаворка пра беларускую нацыятворчасць. А задача лукаўшыстаў зрабіць з беларусаў «тожа рускіх».
***
Традыцыі фестывалю «Басовішча» працягваюцца на Падляшшы ва ўрочышчы Барок. Гэта недалёка ад Беластоку каля мястэчка Гарадок.
Музычная імпрэза змяніла арганізатараў, і цяпер завецца «Тутака». Дні – 14-15 ліпеня.
Канцэртная пляцоўка пад Гарадком – намоленае месца яшчэ з канца 1980-х. Там пабывала мноства беларусаў у якасці гледачоў і практычна ўсе найлепшыя музычныя гурты Беларусі.
А яшчэ Гарадок – гэта кропка на мапе, якая аб’ядноўвае беларусаў, якія самі ці пад прымусам абставінаў раз’ехаліся па свеце. Сюды часта прыязджаюць з розных куткоў планеты Зямля.
***
Дызайнерскі праект «Адліга» абвесціў пра пачатак новага этапу сваёй дзейнасці. Гаворка пра Артура Вакарава і Анатоля Лазара.
Гэты творчы дуэт дзесяць гадоў таму стрэліў серыяй цішотак з іранічнымі выявамі на тэму беларускага жыцця. І заваяваў сваю аўдыторыю сярод людзей з эстэтычнымі і мыслярскімі здольнасцямі.
Цяпер «Адліга» будзе працаваць для беларусаў з Варшавы.
***
Кіеўскія ўлады забаранілі публічнае выкарыстанне расейскамоўнай музыкі, кніг, тэатральных і цыркавых спектакляў у сталіцы Украіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы рады Кіева.
Я не ведаю як такі падыход стасуецца з міжнародны заканадаўствам, але прыгадаў сваю дыскусію ў Беластоку ў півярні з маладымі беларусамі. Я зрабіў заўвагу, што не варта прайграваць любыя расейскамоўныя песні пакуль Расея бамбіць Украіну і падтрымлівае людажэрскі рэжым Лукашэнкі.
Дыскусія атрымалася працяглая і вострая.
Цяпер тэма вісіць на паўзе, але тэндэнцыю кіеўскія ўлады пазначылі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя