Арт-агляд
Безумоўна важная музычная падзея апошняга часу – гэта выхад альбому пад назвай «Там». Аўтар – Сяргей Башлыкевіч са сваім праектам «Лейбонік».
Цытата з фэйсбуку аўтара:
«Я вельмі ўдзячны кожнаму чалавеку, які спрычыніўся да музыкі, запісу, вокладкі і маральнай ды інтэлектуальнай падтрымкі мяне.
Асобныя буські тым, хто далучыўся да краўдфандынгу. Гэта падштурхоўвае адразу заняцца наступнымі песнямі.
Далей абяцаю папрацаваць над іншымі тэмамі.
Канцэртаў у 2023 будзе няшмат, але некалькі гарачых вечароў пастараемся адгрузіць!»
Альбом «Там» – цалкам эмігранцкі па змесце. Гугліце, пампуйце з розных платформаў. У творчай форме ў альбоме «Там» адлюстраваныя перажыванні вымушанага эмігранта, які жыве душою там – на радзіме, але мусіць глядзець на яе здалёк.
У музычным плане мне падаецца, што Сяргей Башлыкевіч наследуе стыль гурту «IQ-48». Але тэксты цалкам самастойныя.
«Усё меней 375 у тэлефоне», – гучыць фраза ў «Эмігранцкай песні». Назва адсылае да аднайменнага хіта Led Zeppelin. 375 – тэлефонны код краіны.
Так, беларусы змяняюць тэлефонныя нумары на польскія, літоўскія, грузінскія, амерыканскія і нават аўстралійскія.
Беларусы перажываюць маштабную драму. Тут у мяне асабістае прывітанне аматарам ідэі, што дзяржаўным гімнам Беларусі мог бы стаць паланэз Агінскага «Развітанне з радзімай».
Мільёны беларусаў развіталіся з сотнямі тысяч тых, хто выехаў.
Сяргей Башлыкевіч у сваім новым альбоме «Там» дае іронію, цеплыню і ўрэшце надзею на тое, што калі-небудзь сем’ і сябры змогуць зноў быць разам на радзіме.
Беларусы ўжо не раз масава выязджалі за мяжу. Адметнасць цяперашняй эміграцыі ў тым, што выехалыя маюць сталы кантакт з радзімай. Інфармацыйная рэвалюцыя робіць сваю справу.
У прапагандысцкіх памыйках цяпер спрабуюць укараніць думку, што за мяжой беларусы нікому не патрэбныя, гаруюць, бядуюць, а вось бы адседзелі свае некалькі гадоў, і жылі б у калгасе імя Лукашэнкі.
Але беларусы за мяжой на чалавечым узроўні скарыстоўваюць досвед 2020 году: калі незнаёмыя перад тым людзі аб’ядноўваліся па прынцыпе двароў, вуліц, раёнаў і цэлай краіны.
А вось тыя, беларусы ўнутры краіны, хто саўдзельнічае ў лука-злачынствах, яны наадварот – усё больш загразаюць у кабале залежнасці ад дыктатуры.
Фармальна яны як бы каралі манежу, а дэ-факта у вольным свеце кожнаму з іх пагражае адплата.
Свет чалавека складаецца з логікі і эмоцый. Альбом «Там» Сяргея Башлыкевіча дорыць крыху сумную, але ўсё-ткі цёплую эмоцыю для беларусаў па абодва бакі мяжы.
Для тых беларусаў, якія абралі шлях дабра.
Беларускае Радыё Рацыя