Арт-агляд



Кацярына Ваданосава 23 верасня ў Варшаве ў клубе Scena Chmelna мае канцэрт пад назвай «Край». З удзелам Аляксандры Канафальскай – SandArt-мастачкі, што ўваходзіць у дзясятку лепшых мастакоў па пяску ў свеце.

У імпрэзе таксама бяруць удзел Ганна Лепяшкевіч – цымбалы, Васіль Ярмоленка – гітара, Стэфанія Ваданосава – скрыпка. Пачатак а 19-00.

_______________________________

Беларускія фатографы за мяжой абвясцілі аб стварэнні Беларускай незалежнай асацыяцыі фатографаў. Далучацца могуць дзеячы беларускай фатаграфіі незалежна ад месца пражывання.

_______________________________

А цяпер пра навінкі культурніцкіх ютуб-праектаў.

Канал «Міністэрства сепультуры» прэзентуе відэа пра чалавека-легенду Аляксандра Ціхановіча – выканаўцу хіта «Малінаўка».

Выйшла другая серыя новага праекту Алеся Чахоўскага «Беларускі вайб» : што кажуць амерыканцы пра беларускі рок і чаму мы любім горы і мора.

Гісторык, краязнаўца і экскурсавод Цімох Акудовіч у аўтарскай перадачы «Вусы Скарыны» разам з коцікамі тлумачыць, адкуль пайшла назва Беларусь.

Праект «Бусь Беларусь: перазагрузка» у Празе: ад Скарыны і да сучаснасці. Вядоўцы Ліза Ветрава і Мікіта Бялевіч адпраўляюцца ў вандроўку, каб зразумець, чаму Прага так вабіць беларусаў і беларусак.

Гістарычны праект Мікіты Мелказёрава «Загляне сонца» – кароткія відэа пра цікавыя старонкі гісторыі Беларусі. Свежы выпуск на канале – пра паходы Альгерда на Маскву.

Спявачка Маргарыта Ляўчук на канале добраахвотнікаў палка Каліноўскага: якая будучыня ў беларускай культуры і навошта перафарбоўваць аўтазакі ў ружовы колер.

На канале Андрэя Хадановіча пра беларускую і сусветную літаратуру выйшаў новы выпуск пра пісьменніка Вінцэся Мудрова, якому сёлета споўнілася 70 гадоў.

Пра кантэкст у мастацтве глядзіце ў новым выпуску на канале Мікіты Моніча «Около культуры»: каб глыбока зразумець пасыл, які мастак закладаў у свой твор, трэба змясціць яго ў кантэкст, пэўнае месца і час.

___________________________________________

У вёсцы Войшкі пад Беластокам 30 верасня адбудзецца Беларускі народны фэст.

Запланаваныя выступы калектываў «Крыніца» з Беластоку, «Рэха Пушчы» з Гайнаўкі, «Забавы» і таксама «Расы» з Рыбалаў, «Сёстры Астапчук» з Грабаўкі, «Лайланд» з Беластоку, «Хмара» з Дубін, «Чырвоныя шпількі» з Міхалава, «Міраслаў Туроўскі» з Канюк, «АС» з Беластоку. Фэст адпачнецца а 15.30 у Войшках – на пляцоўцы каля святліцы.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя