Арт-агляд
Аўтарскі вечар Змітра Бартосіка 21 кастрычніка ў Гданьску, а ў Варшаве 20 кастрычніка прайшла сустрэча з удзельнікамі фотавыставы «Poza Krajem». Аўтары здымкаў – Кацярына Ігнашэвіч, Павел Савіцкі, Глеб Бурнашаў і Паліна Німаева – распавялі пра свае творы, прысвечаныя ідэнтычнасці і эміграцыі.
__________
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвесціў чарговы набор у штогадовую «Школу маладога пісьменніка».
Бясплатнае навучанне ў Школе маладога пісьменніка працягнецца з лістапада 2023 г. па травень 2024 г. Сёлетнія выкладчыкі школы – Ульяна Верына, Віктар Жыбуль, Марына Казлоўская, Андрэй Хадановіч. Заяўкі ў Школу прымаюцца да 28-га кастрычніка ўключна.
__________
27-га кастрычніка ў Вільні Беларуская Рада культуры запрашае на літаратурна-музычную вечарыну, якая пройдзе ў межах міжнароднай акцыі памяці «Ноч паэтаў».
У праграме:
▪️ Літаратуразнаўчы экскурс.
▪️ Тэатральны перформанс ад актораў студыі Razam.
▪️ Музычныя нумары.
▪️ Кароткая прэзентацыя кнігі «1937. Ноч расстраляных паэтаў».
▪️ Паэтычныя чытанні ў фармаце адкрытага мікрафона з падарункамі ўдзельнікам.
__________
Тэлеграм-канал «беларуская Культура» падлічыў, што 134 беларускіх дзеячы культуры знаходзяцца ў зняволенні.
14 са 134 чалавек адбываюць крымінальнае пакаранне ў турме.
64 – у калоніі.
17 – у СІЗА.
5 – на «хіміі».
24 – адбываюць «хатнюю хімію».
Месцазнаходжанне 10 зняволеных дзеячаў невядомае.
__________
Георгій Дабро ў Варшаве!
Сяргей Пукст пачуў нашыя просьбы!
21 кастрычніка, у Варшаве выступае не хто іншы, як легенда беларускага душэўнага індзі-шансону Георгій Дабро, ён жа Сяргей Пукст у адным са сваіх шматлікіх амплуа.
Абяцае самае шалёнае ды прыдуркаватае трыкстэр-шоў, самы махровы ды смешны шансон.
Сяргей Пукст – энцыклапедычны эксцэнтрык, патомны кампазітар, энэргічны і рознабаковы наватар, парадаксальны канцэптуалізатар, постэстэт і «некрасюррэаліст».
__________
«Гары Потэр» па-беларуску ў Беластоку.
У суботу 21 кастрычніка нарэшце загаворыць па-беларуску і Гары Потэр! У Беластоку новы кінасеанс на роднай мове. Глядзяць Гары Потэр і філасофскі камень!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя