Арт-агляд: Беларусы-творцы могуць абменьвацца думкамі наўпрост



Галоўнай імпрэзай жніўня, а магчыма адной з галоўных падзеяў году стаўся форум кінематаграфістаў BFN, што расшыфроўваецца як «Belarusian filmmarket network». То бок, «Беларускі кінарынак наладжвання сувязяў».

На адкрыцці BFN прадстаўнік Рады Культуры Сяргей Будкін назваў падзею гістарычнай.

Цягам 18-20 жніўня сабраліся ў Варшаве для сумеснай працы каля сямідзесяці кінематаграфістаў з Беларусі, Польшчы, Літвы і Грузіі.

Пакуль межы краін ЕС для жыхароў Беларусі не закрытыя, беларусы-творцы могуць абменьвацца думкамі наўпрост.

Вось для прыкладу некаторыя тэмы дыскусій, прэзентацый і фільмаў для абмеркавання. «Смерць кіно. Ці ёсць жыццё пасля жыцця? Як сёння рабіць фільмы». «BFN: што гэта такое? Прэзентацыя». «Сацыяльнае кіно: «Навошта мы ўсё гэта робім». Фільм «Хваля жыцця» рэжысёркі. Яны Веранчук. Майстар-клас «Нашыя людзі ў замежнай індустрыі». Майстар-клас Уладзіміра Казлова: «Як здымаць мікрабюджэтнае кіно». «Унутраная Еўропа супраць унутранай Манголіі: ці можна забіць «Партызанфільм» у сабе?» «Крэатыў пасля эміграцыі з Беларусі: як з’ехаць і застацца ў кіно?»

Значнасць падзеі ў тым, што мы назіраем нараджэнне сучаснага беларускага кіно не як чагосьці фрагментарнага, а як рознакаляровую, але супольную плынь. Прынамсі, хочацца ў гэта верыць.

Новае беларускае кіно пакуль што зусім не эмігранцкае. Тымі ці іншымі формамі і прыёмамі творцы адлюстроўваюць тое, што адбылося з імі і ўсімі намі ў Беларусі яшчэ зусім нядаўна. Хіба, за мяжой з’яўляецца менш нагодаў для самацэнзуры.

Для тых, хто застаецца ў Беларусі, каб не рызыкаваць з адлюстраваннем актуаліяў, на мой погляд цяпер добрая нагода пагрузіцца ў канцэптуальныя рэчы.

Ці гістарычная падзея форум кінематаграфістаў BFN 18-20 жніўня ў Варшаве – мы пабачым праз новыя кінастужкі, створаныя беларусамі.

Важная абвестка з тэлеграм-каналу «Рады Культуры»:

Фестываль беларускай музыкі «ГРАЙ» – адбудзецца 1 верасня ў Варшаве!

Гасцей падзеі чакаюць выступы беларускіх гуртоў:

Volski, Дай Дарогу!, Dzieciuki, J:Морс, :B:N:, The Superbullz, Papa Bo.

Вядоўцы – Марына Савіцкая і Аляксандр Памідораў.

Падчас фэсту «Грай» можна будзе пачаставацца на фудкорце альбо набыць эксклюзіўную рэч на арт-маркеце (карціны беларускіх мастакоў, адзенне, аксесуары, сувеніры з нацыянальнай сімволікай).

Ад 15 гадзіны і да асноўнай музычнай праграмы будзе вольная сцэна, на якой зайграюць маладыя беларускія выканаўцы.

Зробім гэты дзень яркім і незабыўным!

Час фэсту: 1 верасня (пятніца), ад 15:00.

Месца фэсту: летняя пляцоўка Odessa Club (вуліца Kolejowa 8/10, Warszawa).

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя