Арт-пікнік каля Гародні будзе прысвечаны кнігам



Вялікі кніжны пікнік на базе “Велес” недалёка ад Гародні пройдзе 17 чэрвеня. Штогадовая падзея для дзетак і дарослых у гэтым годзе будзе прысвечана кнігам.

Пра адметнасці сёлетняга арт-пікніка распавядае адная з арганізатарак Рыма Ушкевіч:

– Цалкам  прысвечаны кнігам. Гэта будзе вялікі кнжны  арт-пікнік. І ў праграме чакаюцца кніжныя прэзентацыі, гучныя і ціхія чытанні. Будзе разгледжана гісторыя стварэння кнігі. Дзеткі будуць маляваць коміксы, закладкі. Будзе каліграфія, лэтэрынг, гульні з літарамі. Карацей, усё, што тычыцца кніжак, чытання. Бо чытанне – гэта такі рытуал, які ў кожнай сям’і ёсць. І гэта вельмі важная частка жыцця і ўзаемаадносін бацькоў і дзетак.

Апроч кніжных прэзентацый дзетак чакаюць таксама розныя майстар-класы, кажа Рыма Ушкевіч:

– Да нас  завітаюць госці з Менску. І гэта будуць як майстар-класы дзіцячай прадукцыі, звязанай з кніжкамі, так і сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі. З гонарам скажу, што ў гэтым годзе мы чакаем Андрэя Хадановіча і Надзею Кандрусевіч. Гэта выбітныя пісьменнікі-перакладчыкі. Яны будуць прэзентаваць свае творы і пераклады.

Дабрацца на гарадзенскі “Арт-пікнік” можна будзе на адмысловых маршрутках, што будуць хадзіць на базу „Велес” ад прыпынку “Філармонія”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня