“Арт-сядзіба” накіравала ліст у дзяржкантроль
„Толькі ў Менску ёсць некалькі вялікіх канцэртных пляцовак, якія не выкарыстоўваюцца так, як павінны”, – кажа дырэктар “Арт-сядзібы” Павел Белавус.
Гаворка ідзе пра выступы вядомых беларускіх выступоўцаў і гуртоў, такіх як напрыклад BRUTTO ды іншых, якія актыўна выступаюць за мяжой, а ў самой Беларусі знаходзяцца пад негалоснай “забаронай”.
(Фота facebook.com/belavus)
Павел Белавус падлічвае, што краіна губляе ад гэтага не толькі ў музычным, але і ў фінансавым плане:
– Мы таксама ўздымаем і накіроўваем у дзяржкантроль ліст, як так адбываецца, гэта атрымліваецца, што і фінансавыя страты краіны. Па прыкладных нашых падліках чалавек, які едзе на канцэрт, ён купляе квіток, ён плаціць за дарогу туды і назад, ён плаціць за жытло, ён сходзіць у гіпермаркет і набудзе нейкія падарункі, плюс харчаванне. Прыкладна каля 200 даляраў дакладна сыходзіць на аднаго чалавека за такую паездку, напрыклад, на канцэрт у Беласток, а калі гэта 5000 чалавек, то гэта ўжо мільён даляраў. Атрымліваецца, што мільён даляраў не застаецца ў краіне.
Дарэчы, чарговы канцэрт гуртоў BRUTTО ды Dzieciuki пройдзе 12-га сакавіка ў Беластоку. На яго былі арганізаваныя нават бясплатныя візы.
Паводле інфармацыі Паўла Белавуса, на канцэрт ужо прадалі больш за дзве тысячы квіткоў.
Нядаўна стала вядома, што для фэсту “Каго любіш? Люблю Беларусь” з удзелам зорак айчыннай рок-сцэны ў беларускай сталіцы пакуль не знайшлося месца.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя