„Арт Сядзіба” прадставіла планы на Год культуры



Некамерцыйная арганізацыя „Арт Сядзіба”, што займаецца папулярызацыяй беларускай культуры, прадставіла 12 праектаў, якія плануецца рэалізаваць у гэтым годзе.

Аб задумках арганізацыі распавёў яе дырэктар Павел Белавус, выступаючы 18 сакавіка ў Менску на форуме „Арт Сядзібы”, прысвечаным беларускамоўнаму бізнесу і рэкламе, а таксама супрацоўніцтву грамадскага і камерцыйнага сектараў для рэалізацыі сумесных нацыянальна арыентаваных праектаў.

Белавус падкрэсліў, што некаторыя праекты „Арт Сядзіба” зможа ўвасобіць у жыццё ўласнымі сіламі, але частка з іх запатрабуе дапамогі людзей, якім „цікава развіццё культуры, беларускамоўных праектаў”, паколькі для іх рэалізацыі не хапае грошай і юрыдычных магчымасцяў, каб „зрабіць гэта хутка і лёгка”.

Адным з планаў арганізацыі на Год культуры Белавус назваў маштабны фестываль „Каго любіш? Люблю Беларусь!”. Гэтае мерапрыемства актывісты „Арт Сядзібы” мелі намер правесці 25 сакавіка ў менскім Палацы спорту, але ўлады горада адмовіліся выдаваць арганізацыі гастрольнае пасведчанне. Сваю адмову чыноўнікі аргументавалі тым, што ў Палацы спорту яшчэ 21 лютага адбылася ўцечка этыленгліколю.

„Мы не адмаўляемся ад намеру яго правесці, не адмаўляемся ад канцэпцыі і ідэі сабраць на адной сцэне ўсіх музыкантаў, якіх сёння называюць забароненымі, — заявіў Белавус. — Мы ўжо пачалі стукацца ў Міністэрства культуры і казаць, што мы не страшныя. Забараняючы гэтых музыкантаў, яны ствараюць дзіўныя прэцэдэнты, калі людзі жывуць у сваёй краіне, але на выхадныя ездзяць у іншую дзяржаву, каб паслухаць гурт са сваёй краіны на мове сваёй краіны”.

„Мы будзем выходзіць на дзяржструктуры і даказваць, што дзяржава такім чынам губляе грошы. Адзін канцэрт „Крамбамбулі” ў Вільнюсе — гэта мільён даляраў, вывезеных за мяжу, паколькі людзі плацяць за візу, адпачынак, харчаванне, квіткі і ўсё астатняе. Гэтыя грошы маглі б застацца ў Беларусі, Палац спорту мог бы атрымаць гэтыя грошы і за іх вырашыць сваю праблему з этыленгліколем”, — лічыць дырэктар арганізацыі.

На працягу гэтага года „Арт Сядзіба” плануе таксама выпусціць серыю рэлаксацыйных кніг-размалёвак „МРБ — Мая радзіма Беларусь”, першую беларускую эканамічную настольную гульню „Багач” — аналаг вядомай гульні „Манаполія”, у якой дзеянне перанесена ў Менск часоў позняга Вялікага Княства Літоўскага, а таксама стварыць серыю з трох мяккіх цацак для дзяцей і дарослых. Адной з іх стане культавы персанаж беларускай „Калыханкі” 1980—1990-х гадоў Дзед-Барадзед, другой — герой дзіцячай тэлеперадачы „Мультыклуб” іншапланецянін Паца-Ваца. Хто стане правобразам трэцяй мяккай цацкі, вызначыць конкурс „Арт Сядзібы” на ідэю новага персанажа, які стаў бы сімвалам Беларусі новага часу.

У планах грамадска-культурных актывістаў таксама арганізаваць фестываль „Вялікі спеўны сход”, дзе людзі змогуць навучыцца спяваць беларускія песні, і трэці „Дзень вышыванкі”, які ў гэты раз прапануецца правесці ў менскім парку імя Горкага.

belapan.by