„Арт-Сядзіба” запусціла „Ланцуг памяці”



„Арт-сядзіба” запусціла паэтычны флэшмоб да ўгодкаў страшных падзей ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937-га года, калі ў Беларусі былі расстраляныя каля сотні дзеячаў культуры, у тым ліку і многія літаратары.

Распавядае Даша Бялькевіч:

– Гэтым учынкам проста знішчылі вялікі культурны пласт. Калі ў нас ёсць культурная традыцыя, то заўжды ёсць размова паміж пакаленнямі. Калі столькі людзей забілі ў адзін дзень, у каго вучыцца? З кім весці камунікацыю, каб працягваць нашую культурную традыцыю?

Паўдзельнічаць у флэшмобе вельмі проста – трэба запісаць на відэа як вы чытаеце верш аднаго з расстраляных паэтаў і выкласці ў сацыяльныя сеткі з хэштэгам #ланцугпамяці.

Да гэтай акцыі ўжо далучыліся Алесь Лютыч з гурта :B:N: ды Алесь-Францішак Мышкевіч з гурта Superbullz.

Алена Вільтоўска. Беларускае Радыё Рацыя. Менск

Фота wikipedia.org