Арыгінал Берасцейскай Бібліі прадставяць шырокай грамадскасці



Прэзентацыя арыгінала Берасцейскай Бібліі адбудзецца 14 студзеня ў Музеі гісторыі горада Берасця, паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

„Гэта той самы экзэмпляр, які ў верасні 2019 года кіраўнік дзяржавы перадаў у дар гораду на 1000-годдзе. Экзэмпляр вельмі цікавы, добра захаваны. На яго старонках мноства самых розных маргіналій, якія могуць шмат што расказаць пра лёс рарытэта”, – адзначыў Алесь Суша.

Паводле яго слоў, гарадскія ўлады знайшлі магчымасць закупіць самае сучаснае абсталяванне спецыяльна для гэтай прэзентацыі і далейшага экспанавання ўнікальнага помніка. „Мы аналізавалі і прапаноўвалі берасцейскім калегам розныя варыянты вітрын і тэхнікі, даступнай у Беларусі, для найбольш удалага паказу знакавага кніжнага помніка. І быў выбраны лепшы”, – расказаў намеснік дырэктара.

belta.by