„Асенні салон” для маладых беларускіх мастакоў



Унікальны арт-праект „Асенні салон з Белгазпрамбанкам” трэці раз прадставіць у Менску панараму творчасці маладых беларускіх мастакоў. Маштабная экспазіцыя будзе працаваць у Палацы мастацтва з 6 кастрычніка па 6 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Белгазпрамбанка, які арганізуе праект.

Па выніках конкурснага адбору права ўдзельнічаць у буйнейшай у Беларусі выставе-продажы атрымаў 141 аўтар. Акрамя таго, у „Асеннім салоне з Белгазпрамбанкам-2017” прымуць удзел 14 мастацкіх галерэй з Менска, Берасця, Віцебска і Гомеля. Яны прадставяць гледачам творы 37 аўтараў.

У праекце прымаюць удзел маладыя мастакі (ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў), грамадзяне Рэспублікі Беларусь, з работамі, створанымі за апошнія тры гады ў любых тэхніках і відах выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія, інсталяцыя). Усе творы можна будзе набыць. Дарэчы, у мінулым годзе свайго пакупніка знайшлі больш за 50 аўтарскіх работ.

Як паказвае гісторыя, укладанні ў творчасць маладых мастакоў – у перспектыве адны з самых прыбытковых. Акрамя таго, імёны такіх мецэнатаў, як Мікалай Радзівіл, Павел Траццякоў, Саламон Гугенхейм, вядомыя на сённяшні дзень у першую чаргу дзякуючы іх укладу ў культуру.

Паводле слоў старшыні праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” Віктара Бабарыкі, адна з асноўных задач „Асенняга салона” – фарміраванне ў Беларусі арт-рынку, які рэгулюе як творчыя, так і эканамічныя пытанні. Для гэтага да ўдзелу ў выставе-продажы актыўна запрашаліся дзяржаўныя і прыватныя галерэі з усёй рэспублікі. Адукацыйная праграма „Асенняга салона з Белгазпрамбанкам” прадугледжвае серыю майстар-класаў, прэзентацый і сустрэч з аўтарамі, якія правядуць галерэі-партнёры.

Па выніках выставы міжнароднае экспертнае журы вызначыць пераможцаў праекта, якім будзе аказана садзейнічанне ва ўдзеле ў адным з прэстыжных еўрапейскіх выставачных праектаў.

belta.by