«Аснежаныя рытмы» з беларускім паэтам з Латвіі
На філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта адбылася вечарына паэзіі і музыкі «Аснежаныя рытмы», прымеркаваная да 80-годдзя філалагічнага факультэта. Госцем «Аснежаных рытмаў» быў выпускнік філфака 1986 года, паэт, спявак і кампазітар Станіслаў Коршак, які цяпер жыве ў Рызе.
Лёс склаўся ў Станіслава так, што ён цяпер прыкаваны да інваліднага вазка. Але былы беларускі філолаг не падае духам. Ён у Латвіі вядзе актыўны лад жыцця, шмат піша, спявае, выступае на розных мерапрыемствах. Вядома ж, не забывае і родную Беларусь, і свой дарагі альма матар.
Станіслаў Коршак ужо выдаў песенныя альбомы «Па жыцці з любоўю», «Сустракаемся ў Юрмале», «Маім сябрам». Яго дабрачынныя канцэрты адбываюцца ў Латвіі і Беларусі. Адзін з іх – на філфаку БДУ.
Вечарыну «Аснежаныя рытмы» адкрыў прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры Алесь Бельскі. Шчыра вітаў гасцей і студэнтаў дэкан філфака прафесар Іван Роўда.
Станіслаў Коршак прыгадаў родны факультэт 1980-х гадоў, выканаў некалькі песень на розных мовах, а таксама па-беларуску, прысвечаныя маленькай радзіме і каханню. А потым слова мелі маладыя студэнты-паэты, якія знаёмілі ўсіх са сваімі новымі паэтычнымі радкамі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: філфак БДУ