Парэшткі Змітрака Бядулі перапахаваюць у Менску
Парэшткі беларускага паэта, празаіка і мовазнаўцы Змітрака Бядулі (Самуіл Яфімавіч Плаўнік), вернутыя з Уральска (Казахстан), перапахаваюць у Менску, паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 лютага ў сталічным Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры старшыня Фонду Марыі Магдалены Радзівіл і член кансультатыўнага савета па пытаннях беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі Аляксандр Сапега.
Эксгумацыя парэшткаў беларускага класіка, якой з дазволу яго родных і пры садзейнічанні ўладаў Уральска дамогся фонд, адбылася літаральна днямі. Астанкі разам з элементамі надмагільнай пліты ўжо дастаўленыя ў Менск. На пытанне, дзе яны дакладна знаходзяцца цяпер, Сапега адказаў: „У Менску, пакуль рыхтуецца месца, ён будзе знаходзіцца ў вельмі намоленым месцы”.
„Задача зараз стаіць, каб гэта было не толькі сямейнай справай, але і справай дзяржавы, — адзначыў ён. — Дзеля таго каб паставіць ва ўсіх пытаннях кропку. Справы па перапахаванні вядуцца ўжо зараз. Задзейнічаныя розныя арганізацыі і міністэрствы. Пакуль не будуць прапрацаваныя ўсе крокі, [дакладнае месца пахавання] не можа быць агучанае. Але, безумоўна, як толькі будзе прапрацаваны план, напісаны сцэнар, тады вы даведаецеся пра час пахавання. Гэта будзе ў вельмі годным месцы”.
Міхаіл Рыбакоў, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, які дапамагае фонду ў гэтым праекце, выказаў спадзеў на тое, што пытанне перапахавання астанкаў Бядулі будзе вырашанае найбліжэйшым часам. „Папярэдне мы ўжо вялі размовы з Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам, яны згодныя далучацца і аказаць любую падтрымку, якая будзе патрэбная. Таму зараз ідзе вырашэнне фармальных і практычных пытанняў, кшталту якія будуць далейшыя дзеянні, на якія сродкі”, — паведаміў кіраўнік музея.
Паводле яго слоў, музей захоўвае прыкладна 200 ускосных і 80 непасрэдных экспанатаў, якія тычацца постаці Бядулі: кнігі з подпісамі, лісты, фотаздымкі. Філіял музея „Беларуская хатка”, паведаміў ён, месціцца ў дамку, дзе літаратар жыў у 1915—1918 гадах разам з сёстрамі Рэняй і Геняй. Тут літаратар даваў прытулак яшчэ аднаму класіку беларускай літаратуры, Максіму Багдановічу, дадаў Рыбакоў.
Дырэктар культурнай установы паведаміў, што музей мае намер зрабіць ля гэтага дома „сцежку вядомых асоб”, якія там жылі. У яе стварэнні могуць быць выкарыстаныя элементы надмагілля з гарадскіх могілак Уральска, якія хуткім часам будуць перададзеныя музею.
Сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік расказаў, што ў дэталях памятае пахаванне бацькі ва Уральску. „Бацьку хаваў Коласаўскі тэатр, які акурат у той час гастраляваў у горадзе, — сказаў ён. — Я вельмі добра памятаю, што яны паставілі высокі, абцягнуты чырвоным пастамент. Да труны вялі прыступкі, таксама абцягнутыя чырвонай тканінай. Калі мяне адправілі развітвацца з бацькам, я з усяе сілы караскаўся. Пасля было пахаванне на могілках, усё гэта было цалкам звычайнай справай для наваколля, але, вядома ж, не для нашай сям`і”.
„Цяпер я гэтую дзею не ўспрымаю як пахаванне альбо нешта асабліва змрочнае, не. Гэта, так бы мовіць, вяртанне на радзіму. Быццам і не было гэтых 80 гадоў. Я вельмі ўдзячны Аляксандру [Сапегу], бо разумею, якую велізарную працу ён зрабіў. Дагэтуль наша сям`я шэсць разоў спрабавала дамагчыся перапахавання. Пачыналася добра, але скончылася нічым. А зараз усё атрымалася”, — дадаў Плаўнік.
Змітрок Бядуля нарадзіўся 23 красавіка 1886 года ў вёсцы Пасадзец (тэрыторыя цяперашняга Лагойскага раёна Мінскай вобласці). Працаваў у газеце „Наша ніва” разам з Янкам Купалам, газеце „Савецкая Беларусь”, рэдагаваў дзіцячы часопіс „Зоркі” і краязнаўчы часопіс „Наш край”. Перакладаў творы з ідыша і ўкраінскай мовы. З 1934 года быў членам Саюза пісьменнікаў СССР. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Памёр 3 лістапада 1941 года ў эвакуацыі каля Уральска (Казахстан), дзе быў пахаваны на гарадскіх могілках.
Фота: Фэйсбук Музея гісторыі беларускай літаратуры