„Атака на Паўла Латушку – беспадстаўная”
Былога генеральнага дырэктара абвінавачваюць у тым, што нібыта ён разбурыў нацыянальны акадэмічны тэатр.
Спачатку такія абвінавачванні ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала прагучалі ад жонкі міністра замежных спраў Уладзіміра Макея – актрысы Веры Паляковай, а пазней у падобным стылі праз сацыяльныя сеткі выказаўся палітык-эмігрант Зянон Пазняк.
Тут няма чаго каментаваць — гэта бязглуздыя абвінавачванні, — кажа народная артыстка Беларусі, «свабодная купалаўка» Зоя Белахвосцік:
– Страемся не заўважаць гэтыя вар’яцкія, бязглуздыя выказванні. І гэта ўсё ў стылі лжывай, цынічнай, зусім бяздарнай прапаганды, якая існуе сёння, якая патрабуе стварыць вобраз ворага. Я разумею, чаму з Паўла Паўлавіча хочуць зрабіць зусім такога подлага ворага-ворага, які быццам тут увесь тэатр падняў і звёў. Гэта поўная бязглуздзіца.
Зоя Белахвосцік, як і 60 іншых супрацоўнікаў нацыянальнага тэатра, на знак пратэсту звольнілася.
«Не мы пайшлі за Паўлам Латушкам, хутчэй ён нас абараніў», — кажа народная артыстка.
– Каму тут трэба штосьці даказваць? 63-ы чалавекі рознага ўзросту, інтэлекту, розных сэрцаў сышлі з Купалаўскага, аднак гэта быў салідарны ўчынак. І іншага выйсці ў нас у той момант не было. Разбурэнне тэатра пачалося з нашых уладаў.
Якія, як угадвае Зоя Белахвосцік, запатрабавалі звальняць нелаяльных акцёраў, але Павел Латушка на гэта не пайшоў. Не сталі з гэтым мірыцца і іншыя акцёры першай тэатральнай пляцоўкі Беларусі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя