Атаман „Зялёнага Дуба” пра тое, як бальшавікі ўцякалі
У 1929 годзе ў Берліне выйшла кніга „Тамъ, гдѣ ещё бьются”, большую частку якой склалі нататкі зробленыя беларускімі атаманамі „Зялёнага Дуба” Дзергачом (Вячаслаў Адамовіч) і Крэчатам (Ярашэвіч?) яшчэ ў 1919-1924 гг. Кніга змяшчае малавядомыя факты датычныя дзейнасці партызанскага руху таго часу. У прадмове да кнігі адзначаецца: „Некаторыя з гэтых нарысаў былі першапачаткова напісаныя іх аўтарамі на беларускай мове і спецыяльна для гэтай кнігі перакладзены на расейскую сваімі ж братамі паўстанцамі”.
Ілюстрацыйнае фота. Фрагмент плаката часоў польска-бальшавіцкай вайны.
Вячаслаў Адамовіч (1890, Ашмянскі павет – пасля 1939) – беларускі палітычны дзеяч, вайсковец; псеўданім: Язэп Дзяргач. Адна з частак яго ўспамінаў апублікаваных у кнізе:
„Яна кліча”
Тах, тах-тах… Адзін за другім прагрымелі тры асобныя стрэлы.
Партызаны паднялі галовы. Было бачна, як кожны па гуку стрэлаў стараўся адгадаць адлегласць і накірунак, адкуль яны даносіліся.
Зноў зашчоўкалі, аддаючыся рэхам, адзіночныя стрэлы, а за імі часта, затрашчаў кулямёт. Партызаны ўжо былі на нагах. З усіх бакоў чуўся глухі трэск вінтовачных затвораў.
– Ну і жараць, – сказаў Сом, падыходзячы да мяне.
– Судзячы па накірунку стрэлаў, усё павінна было адбывацца каля Старобіна, – заўважыў удумліва Зміцер.
Я таксама падняўся з зямлі і разам з іншымі партызанамі прыслухоўваўся да гукаў перастрэлкі.
– Цікава, з кім гэта яны счапіліся, сказаў паручнік Корч.
Сярод дрэваў паказаліся двое нашых партызан, што сталяі ў дазоры, якія хутка беглі да нас. Калі яны былі побач, іх абкружылі шчыльным колам людзі атрада.
– Што там такое? – раздаваліся галасы.
Хлопцы, запыхаўшыся ад бега, цяжка дыхалі і не маглі гаварыць…
– Дайце ім глотку прамачыць, – раздаўся голас Рака.
Некалькі рук пацягнуліся да іх з фляжкамі.
Я падышоў да іх.
– Падцягніцеся хлопцы. Горача будзе, – нарэшце, сказаў адзін з дазорных, адрываючыся ад флягі.
– Кажы дакладна, – загадаў я.
Дазорны даклаў, што стрэлы гучаць з боку мястэчка Старобіна, на якое насядаюць з боку Грабова нейкія невядомыя часткі, а па дарозе на Любань ідуць адступаючыя абозы, едуць сем’і камісараў і бягуць дызертыры… Адным словам, ідзе паспешанае адступленне бальшавікоў з польскага фронта…
Выслухаўшы даклад дазорных, я аддаў рапараджэнне рыхтавацца да пахода.
Хутка мы выбраліся з лесу на прасёлачную дарогу, якая вяла да Старобінскага тракта. Прыблізна праз гадзіну мы звярнулі на вузкую лясную дарожку і гуськом пусціліся па ёй рыссю… Цяпер стрэлы даносіліся да нас вельмі дакладна, і з боку бальшака гучаліся нейкія крыкі.
Яшчэ дваццаць хвілін і мы ўехалі на так званы “Слуцкі бальшак”, дзе цягнуліся адзіночныя падводы з нейкімі рэчамі.
Спыніўшы адну з іх, мы даведаліся, што ў Старобіне ішоў бой з нейкімі наступаючымі на яго часткамі і што бальшавікі наступленне адбілі.
Акрамя таго, падводчыкі распавялі, што нейкія жаўнеры ў пагонах і пры іх афіцэры старой расейскай царскай арміі праехалі бальшаком на падводах і звярнулі на дарогу у вёску Міцявічы.
Зразумець з аповеда селяніна, што насамрэч адбылося было цяжка. Зразумела было толькі тое, што з боку польскага фронта пачалося наступленне.
Гэта навіна ажывіла ўсіх і ў вачах партызан было бачна жаданне як найхутчэй пусціць у ход зброю.
Дарога пайшла на гару.
Агледзеўшы мясцовасць, я вырашыў зрабіць прыпынак, каб даць перадышку коням і людзям.
Кулямётнага агню ўжо не было чуваць. Даносіліся толькі гукі асобных вінтовачных стрэлаў. Мы звярнулі з дарогі ў лес і ўжо лесам праехалі навяршыню халма, з якога ўся дарога была бачная, як на далоні.
Скрытыя ў лесе, мы былі не бачныя з дарогі.
Расставіўшы дазоры, атрад мог свабодна адпачываць, ведаючы, што ў кожную хвіліну ён будзе папярэджаны пра пагражаючую небяспеку.
Партызаны размясціліся так, каб была бачная дарога і з супрацьлеглага боку халма.
Хутка ўвагу ўсіх прыцягнуў воз, у які быў запрэжаны белы конь. На ім сядзелі два чалавекі, а фурман ішоў побач паганяючы яго пугай…
Конь увесь час спыняўся і да нас даносілася лаянка седакоў.
Слухай, стары чорт! Калі твой конь не пойдзе, ты нас сам павязеш.
– Но!.. А каб цябе ваўкі! Но! – даносіўся пакорлівы голас фурмана.
Цялега пачала падымацца на гару.
Конь цяжка дыхаў і сапеў, раздуваючы ноздры.
Было бачна, як уздымаліся яе бакі.
– А воз, здаецца, з паклажай. Цяжкі, – заўважыў хтосьці з партызан.
– Не, каб злезлі, гультаі! Усё ж каню было б лягчэй, сказаў іншы.
Я прыглядаўся да людзей, якія сядзелі на возе. Цяпер можна было разабраць, што на возе сядзелі мужчына і жанчына.
Жанчына была ў капялюшыку-шлеме і на ёй крававай плямай была бачная пентаграма. Побач з ёй сядзеў мужчына, таксама з зоркай на шапцы, у скураной чорнай куртцы. Перад імі ляжалі чорныя валізкі.
Хтосьці з партызан ужо пасунуўся, каб выйсці на дарогу, але я зрабіў знак не кранацца з месца.
Цялега падымалася на гару чарапашымі крокамі.
Толькі яна ўзабралася на вяршыню, як конь, выбіўшыся з сілаў, упаў.
Стары селянін кінуўся да яе, стараючыся падняць яе, але бедная жывёліна цяжка дыхала і сударажна білася нагамі, падымаючы пыл…
– Ах ты, стары чорт! Дык вось ты якія фокусы робіш! – кінуўся на фурмана сядзеўшы на падводзе мужчына. – Застрэлю, як сабаку, калі праз хвіліну конь не ўстане! Крычаў ён, пагражаючы рэвальверам старому, які стаяў перад заваліўшымся канём.
– Чаго стаіш? Распрагай! – крыкнуў мужчына і падыйшоў да сваёй спадарожніцы, якая з непакоем азіралася назад на дарогу.
– Не хвалюйся Сара. Даедзем. Яшчэ нашы трымаюцца, – сказаў ён ёй і сам, у сваю чаргу прыклаўшы руку да казырка, стаў прыглядацца ў далечыню дарогі.
Нарэшце, стары распрог каня и стаў яго падымаць…
Аднак, конь, відавочна, не меў жадання ўставаць на ногі і толькі зрэдку патрасаў галавой і адмахваўся хвастом…
Карціна была забаўная. Некаторыя з партызанаў ледзьве ўтрымліваліся ад смеху.
Камісар таксама падышоў да каня і стаў яго падымаць. Злезла з воза і яго спадарожніца. Узяўшы трохі сена, яна паднесла яго каню. Той пачаў ляніва жаваць.
– Конік, конік, уставай, уставай, – просячым голасам казала жанчына і трапала каня па грыве.
Затое яе спадарожнік быў у іншым настроі. Ён злаваўся і выходзіў з сябе. Лаянка так і вісела ў паветры. Нечакана недзе, далёка ззаду раздаліся два стрэлы.
– Дык ты нас у засаду завёз? Вось табе, здраднік, вось табе! Атрымай! – з асцервяненнем накінуўся камісар на старога, абсыпаючы яго ўдарамі рукаяткай нагана па галаве і твару.
Тут мае людзі не вытрымалі. Я не паспеў і вокам міргнуць, як воз быў абкружаны імі.
У адно імгненне саветчык быў абяззброены імі.
– Вось як вы, народная ўлада, паступаеце з народам! Добра! Будзе і вам, сукіны дзеці, на арэхі! – былі чутны галасы абураных партызан.
Я загадаў падвесці палонных да сябе.
Праз некалькі імгненняў яны, бледныя і разгубленыя, стаялі перада мной.
– Хто вы і куды едзеце?
Яны абодва маўчалі. Толькі ў жанчыны сударажна дрыжэлі вусны.
Я паўтарыў сваё пытанне.
– Я не ведаю, хто вы і на якой падставе вашы людзі мяне абяззброілі, – пачаў камісар.
Яго перабіў Корч.
– Адказвайце на зададзенае вам пытанне, – грозна і настойліва сказаў ён.
У гэтую хвіліну праз абступіўшы нас натоўп партызан праштурхнуўся бледны Зміцер і з дрыжыкамі ў голасе сказаў:
– Пан атаман! Гэта забойца майго бацькі і маёй маці. Гэта камісар Цэпік.
Пры гэтых словах камісар зірнуў на Зміцера і задрыжаў, як у ліхарадцы.
Сумневаў не было: ён таксама пазнаў яго.
Натоўп партызан ускалыхнуўся і рушыў бліжэй.
Цэпік быў бледным. У Зміцера блішчэлі вочы і сударажна сціскаліся рукі на карабіне.
– Куды вы ехалі? Запытаў я зноў Цэпіка.
– Я ехаў у Слуцк, але даведаўся, што дарога на Слуцк ненадзейная, і вырашыў ехаць проста на Любань. Толькі вось конь не пайшоў, – заікаючыся патлумачыў ён.
У гэты момант падышла Аксана, сястра Зміцера. У вопратцы партызана яна была мала падобнай да жанчыны.
Зірнуўшы на яе, Цэпік пабляднеў яшчэ больш.
Было бачна, як дрыжэла ў яго сківіца…
З боку дарогі пачуўся смех.
Я зірнуў туды: конь ужо стаяў на нагах і мірна пашчыпваў траву на ўзбоччы дарогі, а партызаны вазіліся каля валізак.
– Нясіце сюды! Крыкнуў Корч.
Усе валізкі былі знесены у лес. Калі іх адкрылі, раздаліся галасы:
– Вось дык файна! Нарабавалі і дзёру… Абаронцы народныя!
Чаго толькі не было ў гэтых валізках! Больш за дваццаць пар мужчынскай бялізны разнастайных сартоў з рознымі меткамі. Яшчэ больш жаночай бялізны…
Разглядаючы яго, партызаны перакідваліся жартамі. Фурман стаяў тут жа, з цікавасцю разглядаючы партызан.
– Вось табе дзядуля, фрак, а вось гэта бабе сваёй аддасі, – прагаварыў адзін з партызан, працягваючы яму цудоўны фрак і яшчэ штосьці белае.
Усе павярнулі галовы да старога.
Селянін разглядаў фрак і па яго твары было бачна, што ён не разумеў, што гэта за штука.
Ён паціснуў плячыма і да ўсеагульнага задавальнення прамовіў:
– Чорт яго ведае, з якога канца яго апранаць.
Потым разгарнуў белы скрутак, у якім аказалася баціставая жаночая кашуля і жаночыя панталоны з карункамі.
– Кашуля яшчэ туды сюды, а вось гэтая рэч, дык чорт яго ведае, што гэта, – прамовіў ён круцячы і разглядаючы панталоны.
Раздаўся гучны смех. Стары плюнуў ірашуча кінуў панталоны на зямлю.
– Мая Агапка з роду гэткае дрэні не насіла.
Хохат узмацніўся.
– Ну хопіць, хлопцы! – строга сказаў я.
Партызаны адразу змоўклі.
– Пан атаман! Дазвольце нам з сястрой асабіста пакараць забойцаў нашых бацькоў, – звярнуўся да мяне Зміцер.
У яго поглядзе была такая пякучая мальба, што я пагадзіўся.
– Можаце.
Партызаны адвялі камісара Цэпіка і яго спадарожніцу ў глыб леса і адтуль хутка данесліся адзін за адным чатыры стрэлы.
З лесу да мяне падышлі Зміцер і Аксана, і першы сказаў:
– Бог сам перадаў у нашы рукі забойцаў нашых бацькоў. Цяпер мы адпомсцілі… У кішэні ў гэтага нягодніка я знайшоў крыжык майго мучаніка-бацькі. Вось ён.
Зміцер паказаў мне маленькі залаты крыжык. Ён быў бледны, як крэйда. Я бачыў, як цяжка падымаліся грудзі Аксаны.
– Супакойцеся, сябры, – сказаў я, – Здзейснілася правасуддзе за ваша асабістае гора. Будзем змагацца, каб яно здзейснілася і за ўсеагульнае гора. Наша Радзіма пераможана. Але яна не памерла. Яна чакае. Яна кліча.
Яны абодва моцна паціснулі мне руку.
Неба цямнела… Толькі захад яшчэ гарэў патухаючай зарой і вярталіся са злавесным карканнем вароны ў свае гнёзды.
Лес засынаў.
Беларускае Радыё Рацыя