Аўдыторыя “Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі” з’явіцца ў БДУ



Урачыстая цырымонія яе адкрыцця адбудзецца на філалагічным факультэце 2 лістапада. Пачатак у 12.00. Яе ўдзельнікамі стануць рэктар універсітэта Андрэй Кароль, дэкан філалагічнага факультэта Іван Роўда, выкладчыкі і студэнты БДУ. У якасці гасцей запрошаны родныя і блізкія народных пісьменнікаў.

У аўдыторыі размешчана 17 персанальных стэндаў класікаў беларускай літаратуры. Менавіта столькі культурных дзеячаў за ўсю гісторыю беларускай літаратуры былі ўдастоены званняў “Народны паэт Беларусі” і “Народны пiсьменнiк Беларусi”. У дызайнерскім стылі аформлена ключавая інфармацыя аб жыцці і дзейнасці пісьменнікаў.

Кабінет стане не проста мемарыяльным комплексам памяці, але і інавацыйнай пляцоўкай для педагагічнай дзейнасці. Навучальны працэс будзе праходзіць з выкарыстаннем новых інфармацыйных тэхналогій. На стэндах размешчаны QR-код, які дазваляе студэнту пераходзіць на сайт пра народнага пісьменніка. Электронны рэсурс складаецца з 17 тэматычных раздзелаў. Іх напаўненне ажыццяўляюць вучоныя і выкладчыкі філалагічнага факультэта. Карыстальнік зможа атрымаць дэталізаваную, вывераную навуковую інфармацыю, пазнаёміцца ​​з малавядомымі бібліяграфічнымі звесткамі, дакументальнымі архіўнымі матэрыяламі, спісам твораў пісьменнікаў. Сайт змяшчае таксама партрэты і фатаграфіі. Акрамя таго, тут будзе адлюстравана вучэбна-метадычная інфармацыя, якая ўключае дапаможнікі, артыкулы, распрацоўкі, тэставыя і творчыя заданні, якія стануць карыснымі школьным настаўнікам. Важным складнікам з’яўляецца ўказанне прафесійнай сувязі пісьменнікаў з БДУ. З 17 народных пісьменнікаў восем з’яўляліся ў розны час выпускнікамі ўніверсітэта, працавалі ў вядучай ВНУ або былі ўдастоены звання „Ганаровы прафесар БДУ”.

Мяркуецца, што вынікі вучэбнай і навуковай дзейнасці студэнтаў у будучыні папоўняць тэматычныя раздзелы сайта. Скарыстацца інфармацыйным рэсурсам аўдыторыі змогуць усе жадаючыя студэнты, якія вывучаюць творчасць класікаў, а таксама настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

Даведка. Звання “Народны паэт Беларусі” ўдастоены: Янка Купала (1925 г.), Якуб Колас (1926 г.), Пятрусь Броўка (1962 г.), Аркадзь Куляшоў і Максім Танк (1968 г.), Пімен Панчанка (1973 г.), Ніл Гілевіч (1991 г.), Рыгор Барадулін (1992 г.). Звання “Народны пiсьменнiк Беларусi” ўдастоены: Кандрат Крапіва (1956 г.), Міхаіл Лынькоў (1962 г.), Іван Мележ і Іван Шамякін (1972 г.), Андрэй Макаёнак (1977 г.), Васіль Быкаў (1980 г. г.) , Янка Брыль (1981 г.), Іван Чыгрынаў (1994) і Іван Навуменка (1995 год).

zviazda.by