Аўдыёкніга Алеся Аркуша „Захоп Беларусі марсіянамі” на хвалях нашага радыё



Ужо на пачатку траўня на хвалях Беларускага Радыё Рацыя можна будзе пачуць аўдыёкнігу „Захоп Беларусі марсіянамі” у аўтарскім чытанні Алеся Аркуша. Кніга выйшла ў 2016 годзе.

„Госць Рацыі” пісьменнік і выдавец Алесь Аркуш:

Адразу скажу, чаму я прапанаваў менавіта гэты свой раман, каб ён гучаў на Радыё Рацыя. Бо ён актуальны сённяшняму дню. Аднойчы мне прысніўся сон, як я з Ластоўскім іду па Полацку і ён мне паказвае дзіўны сцяг над гарвыканкамам, тлумачыць што гэта марсіяне захапілі Беларусь, што трэба напісаць кнігу „Захоп Беларусі марсіянамі”. Я прачнуўся і думаю, ну і сон. Спачатку вырашыў, што гэта нейкая лухта. Пасля падумаў, а чаму б сапраўды не напісаць такую кнігу. Справа ў тым, што ў гэты час я займаўся гісторыяй полацкай філіі „Маладняка”. Была такая суполка, яе стварылі маладыя творцы, выдавалі свой часопіс і засноўвалі філіі паўсюдна ў Беларусі. Мне было сімпатычным гэтае аб’яднанне, бо „маладнякоўцы” займаліся не толькі літаратурай, але і грамадскай дзейнасцю, беларусізацыяй. І нават у першую чаргу беларусізацыяй, бо для іх гэтая праца была вельмі важная. Перавялі газету ў Полацку на беларускую мову, працавалі з вучнямі, са студэнтамі полацкага педтэхнікума, з ляснога тэхнікума, вось гэта была іх праца.

РР: Гэта было 100 гадоў там, але і сёння актуальна?

– Вось чаму падзеі ў рамане адбываюцца таксама і ў сучасным часе, можа быць у нулявыя ці напрыканцы 90-х гадоў, там, дзе апавядаецца пра журналіста Васіля Крокву. А час падзеяў з Алесем Дударом дакладна можна вызначыць – 1925 год, калі малады паэт прыехаў у Полацк ствараць філію „Маладняка” і калі там усе гэтыя працэсы пачаліся. Мне было не цяжка гэта ўсё аднаўляць, бо багата матэрыялу пра гэта захавалася. Захаваліся нават лісты, якія Алесь Дудар пісаў сваім сябрам па „Маладняку”, кіраўніцтву, пра тое, што яму цяжка, што ніякіх паэтаў-пісьменнікаў ён не знайшоў. Ён не ўяўляе як ствараць гэтую філію, з кім ствараць. Тады яму кіраўніцтва кажа: „Ты проста знайдзі людзей, якім цікавая беларуская літаратура, хто хоча чытаць кніжкі па-беларуску. Няхай гэта будуць проста прапагандысты беларускай літаратуры і далей працэс пойдзе”. І сапраўды працэс пайшоў і пачалі нараджацца паэты і пісьменнікі. Той самы Пятрусь Броўка – самая яскравая постаць, якая нарадзілася ў полацкім „Маладняку”.

РР: Уладзімір Арлоў заўважыў у гэтай кнізе шмат магіі і сапраўды яе там шмат.

– Для мяне найбольш важная постаць, якая натхняла мяне на гэтую кнігу, якая мне прыснілася, – гэта Вацлаў Ластоўскі. Я люблю яго аповесць „Лабірынты”, яна таксама містычная і ў нейкім сэнсе філасофская. У аповесці апавядаецца пра тое, што пад зямлёй, у лабірынтах жывуць людзі, якія вынайшлі рэчыва, якое дае ім вечнае жыццё. Яны захоўваюць розныя важныя таямніцы і выйдуць з падзямелля, калі палачане будуць вартыя гэтага. У разуменні Вацлава Ластоўскага, вартыя, гэта значыць, калі яны створаць сапраўдную беларусацэнтрычную Беларусь, з беларускай мовай. Тады яны выйдуць і дапамогуць у гэтым будаўніцтве, падзеляцца рознымі сакрэтамі, якія захоўваюць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя