Аўгустоўскі канал запрашае сяброў
Сезон летняга адпачынку на Аўгустоўскім канале адчыняецца рэгіянальным святам народнай творчасці “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”. Пачынаючы ад 13-й гадзіны на шлюзе Дамброўка зарганізоўваюцца канцэртныя праграмы з удзелам артыстаў народнай самадзейнасці, выставы-кірмашы і забаўляльныя мерапрыемствы, асноўная мэта якіх – прыцягненне наведвальнікаў і прэзэнтацыя магчымасцяў турыстычнага аб’екта. А ён, па словах намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна – спартыўны саюз” Сяргея Каляды, пакуль не адпрацоўвае тыя сродкі, якія былі ўкладзеныя падчас рэканструкцыі:
– Нас адразу папярэджвалі, у першую чаргу польскія калегі, што „пакуль вы самі не зробіце мясцовы прадукт, пакуль ён не атрымае папулярнасць і не зацікавіць мясовых людзей, вы не зможаце выйсці далей”.
Рэканструкцыя Аўгустоўскага канала, якая каштавала дзяржаве сотні мільёнаў даляраў, завяршылася ў 2006 годзе. На працягу амаль 9 гадоў улады не стварылі перспектыўных магчымасцяў для развіцця інфраструктуры канала, які паступова прыходзіць у заняпад. На працягу года ў раёне Аўгустоўскага канала зарганізоўваецца толькі некалькі турыстычна-культурных мерапрыемстваў, а шматгадовыя намаганні ўладаў па прыцягненні турыстаў з Беларусі і па-за межаў краіны церпяць фіяска.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня