Аўстэрыю Агінскага прадалі за 121 тысячу рублёў
Былую аўстэрыю Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме прадалі за 121 тысячу беларускіх рублёў. Яе набыла фізічная асоба з Менску.
Летась у канцы жніўня аўстэрыя ўпершыню была выстаўлена на аўкцыён. Яе мясцовая ўлада хацела прадаць за 1.153.649,35 рублёў. Але не знайшоўся пакупнік, які б за такія грошы купіў гэты гістарычны будынак у цэнтры Слоніма. Потым зноў аўстэрыю Агінскага слонімская ўлада выставіла на аўкцыён, але яна ўжо каштавала амаль у 10 разоў танней – 115.411, 74 рублі.
Праўда, і за такі кошт таксама ніхто не купіў гэты гістарычны будынак. Прадаць яе ўдалося толькі за 121 тысячу беларускіх рублёў. Нагадаем, што аўстэрыя Агінскага ў Слоніме была пабудавана з цэглы ў другой палове XVIII стагоддзя, верагодна, архітэктарам Боем, які праектаваў пры палацы Міхала Казіміра Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў.
Аўстэрыя з’яўлялася заезным домам пры палацы. Яна знаходзілася за палацам на яго падоўжанай восі. Першапачаткова будынак быў двухпавярховы, а трэці паверх дабудавалі ў ХХ стагоддзі. Аўстэрыя – гэта адзіная ацалелая пабудова аднаго з цікавейшых палацавых ансамбляў Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя. Яна дае ўяўленне пра агульны характар яго барочнай архітэктуры.
Беларускае Радыё Рацыя