Аўстралійскі мастак размалюе шматпавярховы дом у Менску
Аўстралійскі мастак Фінтан Мэгі размалюе шматпавярховы дом у Менску, паведамілі арганізатары праекта Urban Myths.
Замежны госць будзе знаходзіцца ў сталіцы з 1 жніўня, цяпер ідзе збор сродкаў на куплю фарбаў і матэрыялаў, арэнду спецтэхнікі.
Фінтана Мэгі называюць легальным бунтаром, а яго меланхалічныя творы з дапамогай метафар ілюструюць тое, што адбываецца ў грамадстве. Адышоўшы ад традыцыйнага графіці, мастак распрацаваў свой уласны стыль манументальнага жывапісу, для якога характэрна эклектыка, што ўключае ў сябе як вобразы са штодзённага жыцця, так і нечаканыя сюжэты. Мэгі падкрэслівае незвычайную і цудоўную прыроду таго, што мы звычайна не заўважаем. Дзякуючы архітэктурнаму бэкграўнду, фрэскі Фінтана ідэальна інтэграваны ў гарадское асяроддзе.
Раней у сталіцы па вуліцы Сталетава з’явіўся мурал іспанскага мастака на тэму Купалля. На ім паказана дзяўчына, якая ідзе шукаць Папараць-кветку.
Праект Urban Myths стартаваў у 2015 годзе. Мастакі з іншых краін прыязджаюць у Мінск, не маючы эскізаў і не ўяўляючы загадзя сцяну, на якой давядзецца тварыць. Дзякуючы Urban Myths Беларусь трапіла на карту сусветнага стрыт-арту, з’явіўшыся ў шматлікіх сусветных аглядах. У Менску з’явіліся такія работы, як „Дзяўчына ў вышыванцы”, „Чалавек без імя”, „Жывое сэрца”.
„За кожнай работай серыі стаіць гісторыя. Уважліва выбіраючы ўдзельнікаў праекта, мы ставім мэту паказаць разнастайнасць сучаснага сусветнага манументальнага мастацтва, імкнёмся да развіцця сэнсавага стрыт-арту, папулярызуем асобы аўтараў, іх ідэі і канцэпцыі”, – адзначаюць арганізатары праекта.