Аўтапрабег у гонар Тадэвуша Касцюшкі



На Берасцейшчыне адбудзецца аўтапрабег Жабінка-Косава ў гонар генерала Тадэвуша Касцюшкі. Пра гэта ў Facebook паведаміў адзін з арганізатараў, жыхар Кобрыня Алесь Мех.

Мерапрыемства з’яўляецца штогадовым і сёлета супадае з 274-мі ўгодкамі з дня нараджэння вядомага на ўвесь свет генерала:

– У апошнія гады мы проста пашырылі геаграфію гэтай вандроўкі. Мы едзем у Малыя Сяхновічы, дзе як я лічу, месца нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. Потым едзем у Крупчыцы, далей едзем на Мерачоўшчыну ў Косава. Раней дамаўляліся з гісторыкамі, каб яны нам правялі навуковую лекцыю па біяграфіі Касцюшкі і менавіта з тымі падзеямі, якія з ім звязаныя, а таксама з тымі гістарычнымі падзеямі, якія звязаныя з паўстаннем 1794 года. 

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка – ваенны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, удзельнік вайны за незалежнасць ЗША, кіраўнік паўстання 1794 года, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў, ганаровы грамадзянін Францыі.

Нарадзіўся ён на тэрыторыі сучаснай Берасцейшчыны, дзе памяць пра яго ўшаноўваецца грамадзянскай супольнасцю і мясцовымі ўладамі.

Старт прабегу ў гонар генерала прызначаны каля чыгуначнага вакзала горада Жабінка 4 лютага 2020 года а 08:00.

Беларускае Радыё Рацыя