Аўтарская сустрэча Міхася Андрасюка на «Zebrane»
У межах літаратурнага фестывалю «Zebrane» Міхась Андрасюк прэзэнтаваў сваю новую кнігу „Krzyżyk”. Гэта ўжо другая кніга падляшскага беларускага пісьменніка, якую ён напісаў па-польску. Перад гэтым быў празаічны зборнік “Wagon drugiej klasy”. А яшчэ, у 2011 годзе, пабачыла свет яго кніга “Biały koń”, перакладзеная з беларускай мовы Марцінам Рэмбачам, яна была адзначана літаратурнай прэміяй прэзідэнта горада Беластока імя Веслава Казанэцкага.
Як раз пытанне мовы і стала, бадай, асноўмным падчас сустрэчы. Міхась Андрасюк сказаў, што ён вольна валодае і беларускай, і польскай мовамі і лёгка пераходзіць з адной на другую. Польская мова, паводле аўтара „Krzyżykа”, яго другая родная і было б няслушна з гэтага не скарыстацца. Праўда, хутка выявілася, што насамрэч хатняй мовай з дзяцінства ў сям’і Андрасюка быў падляшскі беларускія дыялект. Польскую мову Андрасюк пачаў вучыць, калі трэба было ісці ў школу. А літаратурную беларускую мову вывучыў у беларускім ліцеі ў роднай Гайнаўцы. Адна з удзельніц сустрэчы спытала Міхася, ці не збіраецца ён пісаць мастацкія тэксты і на сваёй першай роднай мове. На што ён адказаў, што наўрад ці яму гэта пад сілу, бо і мова гэтая неўнармаваная, і слоўнікавы запас яе досыць абмежаваны.
Аўтар „Krzyżykа” таксама распавёў некалькі вясёлых гісторый: пра тое, чаму не атрымаўся з яго настаўнік і як ён амаль не стаў войтам гміны.
Міхась Андрасюк прыканцы сустрэчы прагаварыўся, пра што будзе яго чарговая кніга. У ёй ён мяркуе скарыстаць жыццёвы вопыт, набыты падчас працы каменачосам.
[Not a valid template]
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.