Аўтару музыкі гімну-малітвы “Магутны Божа” – 135 гадоў
5-га снежня вялікаму беларускаму кампазітару і хормайстру Міколу Равенскаму (1886-1953) спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння.
Родам Мікола Равенскі быў з Бярэзінскага раёна. Скончыў рэгенцкія курсы ў Маскве, а ў 1930 годзе – Маскоўскую кансерваторыю.
Атрымаўшы добрую адукацыю, Мікола Равенскі выкладаў у Менскім музычным тэхнікуме і Беларускай кансерваторыі, а таксама кіраваў хорамі пры Беларускім рабочым клубе і ў Менскім гарадскім тэатры.
Хутка ён адыходзіць ад хормайстарскай дзейнасці і захапляецца кампазіцыяй. На словы Уладзіміра Дубоўкі Мікола Равенскі піша рамансы і песні, у прыватнасці, на хрэстаматыйны верш “О, Беларусь, мая шыпшына”. Апагея іх супрацоўніцтва дасягае ў пару, калі кампазітар бярэцца за стварэнне оперы “Браніслава” на лібрэта Уладзіміра Дубоўкі паводле яго аднайменнай паэмы.
Першая беларуская нацыянальная опера была амаль скончана, калі здарылася непапраўнае. Летам 1930 года Уладзіміра Дубоўку арыштавалі, як нацдэма, і адправілі ў ссылку на 25 гадоў. А “Браніславу” таксама арыштавалі. Мікола Равенскі вымушаны быў здаць яе ў Народны камісарыят асветы Беларусі, дзе опера, відаць, і загінула.
Чорныя дні перажыў і Мікола Равенскі. Пасля арышту Уладзіміра Дубоўкі і брата Антона, які загінуў у Курапатах, ён чакаў сваёй чаргі. Музычнага творцу выключылі з Саюза кампазітараў, многія знаёмыя перасталі з ім вітацца. Яго меліся высяліць з кватэры.
Апынуўшыся ў Германіі, кампазітар перамяніў некалькі лагераў для перамешчаных асобаў, працаваў рабочым на лесапільным заводзе, але не адрокся музыкі. Менавіта ў гэты час быў напісаны кампазітарам найбольш вядомы яго твор “Магутны Божа”. Мікола Равенскі працаваў над музыкай на працягу вясны-лета 1947 года. Словы паэтка Наталля Арсеннева напісала яшчэ ў 1942 годзе. Калі кампазітар пісаў да верша музыку, то ў душы яго гучалі мелодыі пакінутай Бацькаўшчыны, якой ён шчыра жадаў спору ў працы, веры ў праўду, урадлівасці яе жытневым нівам, свабоды і шчасця ёй самой і яе народу.
Увосень 1947 года гімн “Магутны Божа” быў выдадзены ў Парыжы. Упершыню ён прагучаў у Остэргофэне на беларускай каталіцкай службе ў нямецкім касцёле, калі прысутныя беларусы, як католікі, так і праваслаўныя, у дружным хоры ўзнеслі свае малітвы.
У 1950 годзе Мікола Равенскі пераехаў у Лювэн (Бельгія). Там арганізаваў студэнцкі ансамбль пры Лювэнскім універсітэце. З ім ён даў шмат канцэртаў у краінах Заходняй Еўропы.
Мікола Равенскага не стала 9 сакавіка 1953 года. Пахаваны ён у Лювэне.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя