Аўтару “Збянтэжанага Саўкі” – 125 гадоў
12 чэрвеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча, драматурга, публіцыста і паэта Леапольда Родзевіча (1895-1938).
Нарадзіўся Леапольд Родзевіч у сям’і збяднелага шляхціча ў фальварку Кур’янаўшчына Вілейскага павета, цяпер гэта Лагойскі раён. У сям’і гадавалася пяцёра дзяцей. Лёля, як пяшчотна звала любімага сына маці, быў самым малодшым. З малых гадоў ён захапляўся літаратурай, выявіў здольнасці ў маляванні, з цікавасцю слухаў розныя фальклорныя творы, якія расказвала яму старэйшыя сваякі.
У 1910 годзе Леапольд паехаў у Вільні. Працаваў рабочым на цукеркавай фабрыцы «Вікторыя», чарцёжнікам пры зямельнай камісіі Сялянскага банка. Паспяхова здаў іспыты на атэстат сталасці. У гэты час, як вядома, у Вільні віравала культурна-асветнае жыццё. Леапольд з братам Чэславам актыўна далучыліся да яго. Не адставала ад братоў і сястра Ядвіга. Яны ўвайшлі ў тэатральны калектыў Ігната Буйніцкага, а Леапольд, які ўжо з 1911 годзе выступаў рэгулярна з допісамі ў «Нашай ніве», у 1912 годзе напісаў сваю першую п’есу «Блуднікі». Твор атрымаўся даволі сацыяльна востры і захапляльны.
У 1914 годзе Леапольд Родзевіч надрукаваў у «Нашай ніве» абразок-замалёўку «Марцовы снег». Аднак асабліва майстэрства яго, як драматурга, ярка раскрылася ў драме «Пакрыўджаныя» (1916). Герой твора – прыгонны мастак-разьбяр, які хоча шчасця сабе і дачцэ, але марна спадзяецца, што дасягнуць гэтага можна разьбярскай працай. Сваёй праблематыкай «Пакрыўджаныя» набліжаюцца да шырока вядомага «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы.
У 1919-1920 гадах Леапольд Родзевіч працаваў пісарам у Беларускай вайсковай камісіі, у гарадской бібліятэцы ў Менску. Шмат піша, друкуецца.
Леапольд Родзевіч са сваякамі.
У той час быў напісаны і славуты яго аднаактны вадэвіль «Збянтэжаны Саўка», які да сённяшніх дзён не сыходзіць з тэатральных падмосткаў Беларусі. Асабліва часта звярталіся да гэтай п’есы Родзевіча народныя тэатры і самадзейныя калектывы былой Заходняй Беларусі. Тады ж былі напісаны яшчэ і п’есы «Конскі партрэт», «Пасланец», драматургічныя абразкі «У кавалёвай хаце», «На шляху да сонца», «Стараста», «Сказ аб гуслях» і іншыя.
З усталяваннем савецкай улады Леапольд Родзевіч некаторы час настаўнічаў у родных мясцінах, а пасля заключэння Рыжскага міру, пераехаў у Вільню. Рэдагаваў і выдаваў газеты «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Вольны сцяг». Быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У 1922 годзе ў Вільні выходзіць першая паэтычная кніжка Леапольда Родзевіча «Беларусь». Годам раней пабачыў свет зборнік «Сцэнічныя творы» (увайшлі ў яго п’есы «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт», «Пасланец»).
Палута Бадунова, Леапольд Родзевіч і Арсень Канчэўскі.
З 1926 года пісьменнік жыве ў Менску. Акрамя асноўнай працы ў замежнай рэдакцыі ЦК КПЗБ, на грамадскіх пачатках узначальваў Камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі, якая была створана пры Акадэміі Навук БССР. Рэдагаваў і выданні, якія з’яўляліся цэнтральнымі друкаванымі органамі КПЗБ – газету «Чырвоны сцяг», часопіс «Бальшавік» і іншыя. У 1928 годзе падпольна выдаў паэтычны зборнік «На паняволеных гонях». Некалькі кніг пісьменнік прысвяціў заходнебеларускай рэчаіснасці – кнігі апавяданняў «Рэвалюцыйным шляхам» (1928) і «Вогнішча барацьбы» (1930)…
На жаль, Леапольда Родзевіча ў той час не мінулі рэпрэсіі. Напачатку ў 1933 годзе арыштавалі яго брата Часлава і выслалі з сям’ёй у Саратаў. Пасля гэтага Леапольда Родзевіча адхілілі ад кіраўніцтва Камісіяй па вывучэнні Заходняй Беларусі, а ў сярэдзіне 1933 года арыштавалі. Паводле іншых звестак, гэта адбылося ў 1934 годзе, калі Леапольд паспрабаваў заступіцца за брата і звярнуўся ў органы НКУС, скуль ужо не выйшаў на волю.
Ён быў сасланы ў Саратаў. Жыў у сям’і брата Чэслава, працаваў у лясніцтве. Чарговы раз яго арыштавалі ў 1938 годзе. Далейшы лёс невядомы. Магчыма, быў расстраляны…
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя