Аўтэнтычнае Купалле на “Запаведным востраве”



Аўтэнтычнае Купалле адсвяткавалі беларусы на аграсядзібе Алеся Цвіркі “Запаведны востраў”. Ладзілася імпрэза пры падтрымцы полацкага гурта  “Варган”. На свята завіталі госці не толькі з Глыбоччыны, але і з іншых гарадоў Беларусі, былі нават удзельнікі свята з блізкага і далёкага замежжа.

Удзельнічала ў свяце і вядомая беларуская спявачка Кацярына Каланчук-Ваданосава, якая адпачывала ў гэты час на аграсядзібе:

– Даўно марылі прыехаць менавіта на Купалле. І ў прынцыпе, ведаеце, не расчараваліся!  Я думала, гэта будзе цесны паміжсабойчык апантаных людзей, а тут, аказваецца, столькі дасведчаных, столькі інтэлігентных, столькі тых, хто “ў тэме”. Вельмі прыемна!

Сваімі ўражаннямі ад “Купалля” ў аўтэнтычных традыцыях выказваюцца і іншыя прысутныя на свяце:

– Гэта цудоўнае месца, я тут бываю часта. Мне вельмі падабаецца. І наогул, нейкая такая сіла нараджаецца ўнутры, калі ты маеш магчымасць дакрануцца да вытокаў, успомніць абрады нашых продкаў. І калі не ведаеш іх, пабачыць, як гэта ўсё робіцца. І гэтая энергетыка вельмі каштоўная.

– На такім сапраўдным святкаванні Купалля я ўпершыню ваджу карагоды, гляджу на вогнішча. І таму мае ўражанні вельмі яскравыя і вельмі цікавыя.

Аграсядзіба “Запаведны востраў” вядомая на Глыбоччыне і па ўсёй Беларусі сваёй гасціннасцю, крэатыўнасцю гаспадароў, якія падтрымліваюць і развіваюць беларускія традыцыі. Таксама яна неаднаразова станавілася лепшай аграсядзібай Беларусі ў розных конкурсных намінацыях.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя