Аўтограф-сесія на фоне “Гнязда-2”
27-га кастрычніка ў 19 00 у кнігарні „Галіяфы” (Няміга-3, павільён 66) адбудзецца аўтограф-сесія Паліны Качатковай.
Менск, 1998 год Паліна Качаткова і паэт Анатоль Сыс на фоне карціны „Гняздо-2” мастака Сяргея Дзегрцяронка.
Паліна Качаткова (Сцепаненка) нарадзілася 26 лютага 1968 г. у Оршы. У дзяцінстве жыла ў Магілёве і Гомелі. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Падчас вучобы (1985–1990) удзельнічала ў дзейнасці нацыянальна арыентаваных моладзевых суполак. У 1990–1998 гг. працавала ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Менску. У жніўні 1998 г. перайшла на працу ў праваабарончы цэнтр «Вясна», да дзейнасці якога далучылася раней. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Кніга прозы „Гняздо-2”
Паліна Качаткова – адна з аўтарак дакументальных кніг «Трагедия на Немиге» (2000) і «Смяротнае пакаранне ў Беларусі» (2015). Аўтарка сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Гастарбайтар» (2008), «Сыс пра Сыса» (2010), «Пустазелле» (2011), «Прычына смерці — прочырк» (2011), «Убыл по приговору» (2012), «Людвіка» (2013), «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання» (2013–2015). Друкавалася ў калектыўных зборніках «Перад маімі вачыма» (1990), «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю» (2007) і «Пакахай мяне, калі ласка» (2009), а таксама «Матылі» (2012), «Зялёны сон» (2015, электронная кніга).
Паліна Качаткова 2016 год.
27-га кастрычніка ў 19 00 у кнігарні „Галіяфы” (Няміга-3, павільён 66) аўтарка прачытае фрагмент містычнага раману пра Мінск “Кватэра №0”, пачатак якога надрукаваны ў кнізе “Гняздо-2”. Раман прысвечаны гісторыі адной таямнічай кватэры на праспекце Незалежнасці ў Менску.
Беларускае Радыё Рацыя