Байкі Міцкевіча па-беларуску і па-польску на сцэне Уроцлава



Ва ўроцлаўскім асяродку культуры “Impart” пры поўнай залі адбылося тэатралізаванае прадстаўленне ў выкананні польскіх і беларускіх дзяцей. Цягам тыдня дзеці з усіх рэгіёнаў Беларусі разам з навучэнцамі ўроцлаўскай гімназіі №2 імя Юзафа Мацкевіча праводзілі рэпетыцыі пад кіраўніцтвам прафесійнага рэжысёра. За гэты час былі тэатралізаваныя тры байкі Адама Міцкевіча: “Ліса і казёл”, “Сябры”, “Жабкі і каралі”. Байкі на сцэне ставіліся на дзвюх мовах – беларускай і польскай. У канцэрце таксама прагучалі класічныя творы ў выкананні беларускіх дзяцей, якія гралі на розных інструментах – фартэпіяне, гітары, домры, скрыпцы, расказвалі байкі. А ў канцы прадстаўлення маленькія артысты супольна танчылі паланэз Агінскага.

Ажыццяўленне культурніцкай праграмы “Дзеці – разам” сталася магчымым дзякуючы супольнаму праекту ўроцлаўскага Фонду “My Razem” і беларускага камітэту “Салідарнасць”. Беларускія дзеці мелі магчымасць не толькі выступіць на сцэне фестывальнага бюро “Impart”, але і наведаць мясцовы заапарк з нядаўна пабудаваным “Афрыканарыумам”, пазнаёміцца з рознымі архітэктурнымі і культурнымі помнікамі сталіцы Дольнага Шлёнску, наведаць музеі і адукацыйныя ўстановы, пашукаць гномаў, скульптуркі якіх усталяваны па ўсім Уроцлаве ў розных кутках, узяць удзел у спартовых забавах. Пражывалі дзеці разам з бацькамі ў сем’ях навучэнцаў гімназіі №2, якая гасцінна прымала беларусаў цягам дзевяці дзён

[Not a valid template]

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя