Баранавіцкая філія ТБМ адзначыла сваё 30-годдзе



Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы адзначылі 30-годдзе стварэння арганізацыі. Каля 70 чалавек сабраліся ў Русінах для таго, каб у святочнай абстаноўцы падвесці вынікі, падзяліцца ўспамінамі, паслухаць вершы і песні. Мерапрыемства пачалося з гімна “Магутны Божа”. Затым з уступным словам выступіў госць з Менска – ганаровы старшыня ТБМ, рэктар універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў.

Ён нагадаў пра тое, што ад ТБМ у свой час было вылучана 13 дэпутатаў у Вярхоўны савет, адным з іх быў Зянон Пазняк, і сотні ў абласныя, гарадскія і раённыя, кажа Алег Трусаў:

– Ёсць нам чым ганарыцца, ёсць нам што ўспомніць. Мы адзіная грамадская арганізацыя, якая мае сваю газету «Наша слова», свой моладзевы часопіс «Верасень». Маем яшчэ адну газету «Новы час». У нас яшчэ ёсць зборнікі, сайты і г.д.

Стваральнікі ТБМ у Баранавічах настроены больш крытычна. Яны лічаць, што мэта арганізацыі па пашырэнні нацыянальнай самасвядомасці не выканана.

Кажа першы старшыня ТБМ у Баранавічах Міхась Бернат:

– Усе тыя, хто тут ёсць, прыходзяць сюды, каб іх забаўлялі. Гэта значыць, звадзілі недзе на экскурсію, утварылі стол. То-бок, тусовачная форма яднання, гэта чыста як клуб.

Па словах удзельнікаў свята, Таварыства для іх мае вялікае значэнне. Яно ўмацоўвае нацыянальную самасвядомасць. Ва ўмовах татальнай дзяржаўнай русіфікацыі не дае забыць, адкуль наш род.

Цалкам матэрыял у гукавым файле

Беларускае Радыё Рацыя