Баранавіцкая “Святліца” спыняе сваю дзейнасць



Грамадскае аб’яднанне „Творчае згуртаванне „Святліца” з Баранавічаў спыняе сваю дзейнасць. Такое рашэнне прынята большасцю галасоў сябраў арганізацыі на сходзе 7-га студзеня. Кажа нязменны кіраўнік „Святліцы” Алесь Бакач:

– З аднаго боку, няма каму перадаць, у асноўным мне даводзілася займацца дакументацыяй. Ніхто не хоча займацца, і я стаміўся, не тыя сілы, умовы жыцця не тыя, не тое што раней было. Наспявала такое пытанне: „Хто будзе кіраваць „Святліцай” далей?” – ніхто не хацеў.

„Святліца” дзейнічала ў Баранавічах 17 гадоў. Апошнім часам яна налічвала 15 сяброў – мясцовых літаратараў, мастакоў і бардаў. На рахунку згуртавання – шматлікія літаратурныя імпрэзы, выданне альманаху. Па ініцыятыве „святлічнікаў” у 2005-ым годзе ў Баранавічах адбыўся першы фестываль бардаўскай песні.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя