Барацьба за Дняпроўска-Бугскі канал



Роўна 75 года таму, раніцай 19 лістапада 1944 года, на імя кіраўніка Кампартыі БССР Панамарэнка паступіла хуткае спецданясенне ад сакратара Дзівінскага райкама партыі Індзюкова. Паведамлялася, што другі дзень антысавецкае падполле ладзіць акцыі нападу на аб’екты Дняпроўска-Бугскага каналу. Сітуацыя ў Дзвінскім і Антопальскім раёне тагачаснай Берасцейскай вобласці характарызавалася, як надзвычай небяспечная.

Партыйнае кіраўніцтва было пераканана, што актывізацыя ў сярэдзіне лістапада 1944 года партызанкі і мэтанакіраваныя напады на канал і шэраг гідразбудаванняў – з’ява не стыхійныя. Гэта спробы цалкам зрабіць немагчымым будаўніцтва савецкіх інстытуцый на беларускім Палессі. Таму Менск прыняў рашэнне ўзмоцніць вайсковы ды чэкісцкі кантынгент у Берасцейскай і Пінскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя працягвае серыю публікацый прысвечаных падзеям 1944 года на Палессі (гл.: “Барацьба з саветамі на Палессі ўлетку 1944 года”, “Нацыяналісты лютуюць. Падзеі 75-гадовай даўніны”, “Берыя Сталіну пра барацьбу з антысавецкім элементам”). Цяпер пад увагай лістапад – баі на Дняпроўска-Бугскім канале.

У ноч з 18-га на 19-е лістапада группа ў колькасці 300 чалавек здзейсніла напад на ахову канала ў раёне Кобрына. Бой цягнуўся дзве гадзіны. У выніку забіты камандзір аховы, начальнік аддзела кадраў будаўнічага атрада Дняпрабуга і узяты ў палон галоўны інжынер. Тры ахоўніка цяжка параненыя, астатнія збеглі. На дапамогу не прыйшоў батальён вайсковай часткі, які размяшчаўся ў вёсцы Павіцце. Гэты момант надзвычай узрушыў кіраўніцтва Дзівінскага раёна і для разбіральніцтва з афіцэрамі батальёна выехала вышэйшае вайсковае камандаванне дывізіі з Дзівіна. Магчыма толькі ўявіць, што стала з тымі афіцэрамі…

Днём 18 лістапада на участку канала каля вёскі Радастава, што ў Драгічынскім раёне, з’явіўся антысавецкі атрад у колькасці 200 байцоў. У выніку сутычкі загінулі тры супрацоўнікі Дняпрабугбуда і яшчэ столькі ж узятыя ў палон, а сем чалавек параненыя. Некалькі днямі раней у Антопальскім раёне тагачаснай Берасцейскай вобласці адбыўся рэйд падпольнай групы да 60 чалавек. У выніку забіты механік і адмысловец па чарчэнні Дняпроўска-Бугскага канала. У той жа перыяд каля Іванава антысавецкія партызаны захапілі трох інжынераў.

А вось 29 лістапада ў Іванаўскім раёне падпольшчыкі аб’явіліся на Перарубскім шлюзе канала. Аб’явілі працоўным, каб яны сыходзілі дадому і больш не дапамагалі саветам. Пасля знішчылі ўсе збудаванні.

Напрыканцы лістапада ахова канала ўзмацняецца і Дняпроўска-Бускі канал дадаткова пачынае патруляваць два катэры з Пінску. Але ўмовы патрабавалі больш радыкальных захадаў і такія неўзабаве будуць ужытыя. Справа была ня толькі ў канале. Акрамя яго пад увагай падпольшчыкаў былі і ншыя аб’екты, як напрыклад лясгасы, саўгасы, будынкі савецкіх адміністрацый і партыйных арганізацый. Граміліся яны рэгулярна. Таму прымаецца рашэнне, каб да канца лістапада ва ўсіх раёнах, дзе дзейнічае падполле з’явіліся знішчальныя батальёны з мясцовага актыву, пераважна былых чырвоных партызан. Колькасць байцоў у такіх знішчальных групах вагалася ад 60 да 200 чалавек у залежнасці ад неабходнасці.

З таго моманту, як Чырвоная Армія ў ліпені 1944 года заняла беларускае Палессе і да ўзгаданых падзей мінула амаль паўгады. Першыя месяцы савецка-партыйнае кіраўніцтва спадзявалася, што з антысавецкім элементам разбярэцца НКУС, часткі ЧА, але час паказаў, што без апоры на мясцовых сітуацыі не выправіць. Тым больш самі павінны абараняцца, арганізоўвацца ва ўзброеныя групы партыйна-камсамолькі актыў. Масква і Менск патрабавалі больш жорсткасці, больш барацьбы і яна будзе трываць амадь дзесяцігоддзе.

Беларускае Радыё Рацыя